Ужо два гады па Нёмане ў межах горада не катаюць людзей на цеплаходзе, катарах і іншым водным транспарце. Лічыцца, што асноўны чыннік — мель. Аказваецца, ёсць і іншая праблема: маторны транспарт перашкаджаў людзям, якія адпачывалі на пляжах Гродна. Таму яго проста забаранілі.
У межах горада — ад Ласосна да Усходняга моста — забаранілі прагулкі па Нёмане на маторным водным транспарце з 2023 года. Звязана гэта са скаргамі гродзенцаў, якія адпачываюць летам на беразе і ў вадзе.
«Ганялі на скутарах прама пад буямі. Хвалі накрывалі адпачываючых. У нас было шмат выпадкаў на Цэнтральным пляжы. Маленькае дзіця паўтара-двух гадоў зайшло ў ваду, мама стаяла побач, праходзіў катар, збіў яго хваляй — малое панесла на сярэдзіну ракі», — расказалі прадстаўнікі ТВВАД (таварыства выратавання на водах) журналістам Grodno.in.
Прадстаўнікі ТВВАД пасля гэтага звярнуліся да мясцовых уладаў, каб тыя забаранілі маторны транспарт на Нёмане. Гарвыканкам і адміністрацыя Кастрычніцкага раёна прынялі такія рашэнні. Таму зараз у межах дзеяння выратавальных станцый на Нёмане нельга з’яўляцца плавальным сродкам, акрамя службовага транспарту і МНС.
Прагулкі па Нёмане залежаць і ад узроўню вады
Крытычна нізкі для суднаходства ўзровень вады ў Нёмане ўлетку адзначаюць апошнія некалькі гадоў. З-за гэтага ў 2022 годзе цеплаход «Вольга Соламава» прыйшлося перагнаць на Аўгустоўскі канал.
На якіх пляжах у Гродне ёсць ратавальнікі і можна купацца?
У Ленінскім раёне купацца дазволена на Цэнтральным пляжы і на пляжы «Вусікі» ў Пышках. У Кастрычніцкім раёне да дазволеных пляжаў адносіцца пляж у Ласосне і на возеры Юбілейным.
Глядзіце таксама: Поўны спіс дазволеных пляжаў у Гродне і вобласці