Экспазіцыя «Старая хатка» з прадметамі вясковага побыту і выстава старадаўніх абразоў размясціліся ў будынку лямуса на тэрыторыі Брыгіцкага кляштара ў Гродне. Пра гэта расказаў тэлеканал «Гродна Плюс».
Прадметы для выставы збіралі некалькі гадоў, у тым ліку ў час экспедыцый па вёсках. Дапамаглі з пошукамі таксама гродзенцы і жыхары вобласці. Спачатку планавалася, што музей адкрыецца да канца 2023 года.
Упершыню пра тое, што ў лямусе можа адкрыцца музей, пачалі казаць у 2019 годзе. Тады акурат скончылася вонкавая рэстаўрацыя будынка. Пры гэтым спачатку меркавалася, што там будзе музей Гродзенскай каталіцкай дыяцэзіі. Але ў выніку вырашылі адкрыць экспазіцыю старадаўняга побыту.
Лямус — унікальны для Беларусі помнік
Гродзенскі лямус — унікальны прыклад драўлянага дойлідства XVIII ст. Яго пабудавалі ў 1769 годзе без выкарыстання цвікоў. Лямус будаваўся як часткова жылы і часткова гаспадарчы будынак. На першым паверсе быў склад, на другім — жылыя пакоі для манашак. У савецкі час манастыр заняў псіхіятрычны шпіталь і ў лямусе таксама былі кабінеты ўрачоў.
Рэстаўрацыя лямуса ішла з 2016 года
У 2016 годзе, калі лямус быў у аварыйным стане, адмыслоўцы з Польшчы пачалі яго аднаўленне. У ходзе рэстаўрацыі адрамантавалі падмуркі, замянілі прагнілыя і спарахнелыя дэталі, з будынка прыбралі ўсё лішняе і не аўтэнтычнае, замянілі дах, З 2019 года доступ на тэрыторыю адкрыты для турыстаў. Перыядычна там адбываюцца экскурсіі.
Будынак лямуса ўключаны ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Ён мае нулявую — гэта значыць найвышэйшую — катэгорыю каштоўнасці. Гэта адзін з самых каштоўных помнікаў архітэктуры ў Гродне і наогул ва ўсёй Беларусі, які не мае аналагаў у краіне.
Не толькі лямус, але і падвалы касцёла
Для турыстычных груп адкрыты яшчэ і падвалы касцёла і былога кляштара. Там знаходзіцца невялікі музей з розных каштоўнасцей, што захаваліся ў храме. Экскурсіі праводзіць рэктар касцёла Антоні Грэмза. Трапіць у падвалы можна па папярэднім запісе.
Глядзіце таксама: Гродзенскі «Танец Смерці» — пра што кажа мастацкі скарб з кляштара брыгітак