У мікрараёне Солы ў Гродне адрамантавалі кавалак дарогі. Аб гэтым мясцовыя жыхары прасілі дэпутата гарадскога савета Сяргея Мазайлу. Але размыты ўчастак падсыпалі і ўмацавалі… будаўнічым смеццем.
Жыхарам мікрараёна Солы прыйшлося пасля такога рамонту прыбіраць з дарогі арматуру, каб не прабіць колы аўтамабіляў. У сваім Telegram-канале дэпутат Мазайла расказаў пра сітуацыю і ацаніў рамонт лаканічна: «Лепей бы не рабілі».
Мазайла лічыць гэта промахам і не хоча паказваць вынік гэтай працы па тэлебачанні (ён — дырэктар тэлеканала «Гродна Плюс»). Паводле яго слоў, камунальнікі паабяцалі выправіць сітуацыю.
Не толькі жыхары мікрараёна Солы скардзіліся на дарогі
Перад сустрэчай з жыхарамі мікрараёна Солы Мазайла сустракаўся з жыхарамі суседняга раёна Пагараны-Кашэўнікі. Тыя таксама прасілі адрамантаваць дарогі. У жыхароў мікрараёна былі пытанні пра сферу ЖКГ, будаўніцтва новых аб’ектаў. Яны хочуць бачыць у раёне новыя дзіцячыя пляцоўкі, гандлёвы цэнтр і веласіпедныя сцежкі. Таксама яны прасілі паспрыяць рамонту ліўневых і каналізацыйных сістэм.