Драўляны дом міжваеннага перыяду на вуліцы Лелявеля, 30 у Гродне прадалі з аўкцыёну. Hrodna.life спытаў у гісторыка Мечыслава Супрона, чым адметная гэта пабудова.

“Спадзяюся, інвестар мае пачуццё густу”. У Гродне прадалі будынак у рэдкім стылі міжваеннага мадэрну
Будынак на вуліцы Лелявеля, 30. Крыніца: et.butb.by

Двухпавярховы дом плошчай 300 кв.м. пабудавалі ў 1937 годзе. Побач размяшчаюцца гаражы, аднапавярховы цагляны будынак 1980 года плошчай 86,1 кв.м. і асфальтаваная пляцоўка плошчай 623 кв.м.

Раней у драўляным будынку размяшчалася падстанцыя хуткай дапамогі. Зараз там могуць адкрыць аб’ект грамадска-жылога прызначэння.

За будынак пераможца аўкцыёну заплаціў амаль 159 тыс. рублёў ($ 50 тыс.).

Будынак захаваўся амаль у першапачатковым выглядзе

«Дом з’яўляецца прыкладам польскага міжваеннага мадэрну. Ён вельмі адметны тым, што драўляны і захаваўся амаль у першапачатковым выглядзе», — сказаў Hrodna.life гісторык Мечыслаў Супрон. Падобных па стылю і захаванасці, у арыгінальным і неперабудаваным выглядзе, у Гродне засталося вельмі мала, адзначыў гісторык.

«Уласнік можа зрабіць усё, што пажадае»

Прыклады такой архітэктуры не маюць ахоўнага статусу, таму найбольш церпяць ад рук уласнікаў, тлумачыць гісторык. Напрыклад, дом могуць ашаляваць сайдынгам ці замяніць драўляныя вокны і дзверы на пластыкавыя.

«Львіную долю падобнай архітэктуры мы страцілі за апошнія тры дзесяцігоддзі, — кажа Супрон. Гісторык дапускае, што гэты дом таксама можа пацярпець. «Уласнік можна зрабіць усё, што пажадае, паколькі ні будынак, ні тэрыторыя, дзе ён знаходзіцца, не маюць ахоўнага статусу».

Супрон спадзяецца, што інвестар мае пачуццё густу і прыналежнасці да нашага горада і «зробіць усё магчымае, каб захаваць пабудовы і вярнуць ёй былое хараство».

Дзе яшчэ ёсць падобныя дамкі

У Навагрудку на вуліцы Савецкай размяшчаюцца падобныя па стылі драўляныя дамкі з урадавай калоніі 1920-х гадоў. Гэтай жылплошчай у міжваенны перыяд забяспечвалі польскіх ураднікаў.

У Гродне падобныя дамкі размяшчаюцца на вуліцы Лелявеля і ў былой настаўніцкай калоніі на вуліцах Чкалава і Асіпенкі.

Чытайце таксама: «Драўляныя дамы можна ратаваць». Гродзенец аднаўляе рэдкі прыклад канструктывізму 1930-х