На вуліцы Прагулачнай 15/1 прадаюць частку сядзібы апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Пра продаж аб’екта паведамілі на сайце Гродзенскага аблвыканкама.
Прадаецца нежылая, часткова мураваная частка будынка, плошчай 271,2 кв.м. Там пасля 1945 года доўгі час знаходзіўся клуб мясцовай «Сельгастэхнікі» з кіназалай і бібліятэкай.
Пачатковая цана аб’екта — 351 тыс. рублёў ($ 111,2 тыс.). Будынак з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. У ім можна размясціць культурна-асветніцкую ўстанову. Аўкцыён адбудзецца 30 ліпеня 2024 года.
Калі новы ўладальнік не выканае абавязкі, то ў аднабаковым парадку з ім могуць разарваць дамову куплі-продажу.
Што гэта за сядзіба
Сядзібу ў Панямуні пабудавалі ў 1771 годзе ў стылі позняга барока. Там размяшчалася загарадная рэзідэнцыя караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага.
Палац быў цагляны, атынкаваны і не меў ніякіх дэкаратыўных элементаў на знешніх фасадах. Адзіным упрыгожаннем можна лічыць чатырохкалонны порцік на высокім цокалі. На аўкцыён выставілі частку будынка менавіта з ім.
Да часткі, якая прадаецца, прыбудаваны двухпавярховы драўляны аб’ём. Там жыве некалькі сем’яў звычайных гродзенцаў.
Недалёка ад сядзібы знаходзіцца капліца сярэдзіны XIX стагоддзя ў стылі неаготыкі, якую перарабілі пад гараж.
Чытайце таксама: Ь- ПанямунЬ. 5 фактаў пра каралеўскую сядзібу, што ўзвышаецца над Нёманам