Лідскі райвыканкам палічыў непатрэбным перайменаванне вуліцы Дзяржынскага ў Лідзе. Чыноўнікі спаслаліся на недастатковую абгрунтаванасць ініцыятывы. Адказ на зварот грамадзян за подпісам намесніка старшыні Лідскага райвыканкама Генадзя Уладыкі даслалі 16 ліпеня.
У Лідскім райвыканкаме палічылі недастаткова абгрунтаванай прапанову змяніць назву вуліцы. Маўляў, аўтары зварота спасылаюцца на факты біяграфіі Дзяржынскага з артыкула на сайце расійскага інфармацыйнага агенцтва «Рустим», а гэта не аўтарытэтная крыніца.
Гараджане падрыхтавалі петыцыю ў чэрвені 2024 года. Яе стваральнікі вывучылі біяграфію Дзяржынскага і прыйшлі да высновы, што «яго імя не павінна быць ушанавана на карце Ліды». Аўтары зварота, пад якім падпісаліся 53 чалавекі, прасілі перайменаваць вуліцу Фелікса Дзяржынскага ў вуліцу Станіслава Шушкевіча або Тадэвуша Касцюшкі. У адказе чыноўнікі звярнулі ўвагу, што ў Лідзе ўжо існуе вуліца ў гонар Касцюшкі.
Фелікс Эдмундавіч Дзяржынскі (1877−1926) — савецкі рэвалюцыйны і палітычны дзеяч родам з Беларусі, адзін з ідэолагаў «чырвонага тэрору» (палітыка застрашвання, арыштаў і знішчэння ворагаў рэвалюцыі па прынцыпе іх класавай прыналежнасці). Заснавальнік і кіраўнік Усерасійскай надзвычайнай камісіі па барацьбе з контррэвалюцыяй і сабатажам (ВЧК) і Дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення (ДПУ) пры НКУС — карных органаў камуністычнага рэжыму, якія папярэднічалі КДБ. Працаваў у тым ліку і над барацьбой з дзіцячай беспрытульнасцю, і над сістэмай канцлагераў у СССР. Атрымаў мянушку «Жалезны Фелікс».
Пакуль жа ў Беларусі ідзе адваротны працэс. У 2022 годзе ў гонар Дзяржынскага назвалі гродзенскую гімназію № 6. Яна стала першай у Гродне, якая атрымала імя ў рамках праграмы па перайменаванні ўстаноў адукацыі ў Гродзенскай вобласці ў гонар вядомых людзей. Да гэтага ў гімназіі ўжо стаяў бюст Дзяржынскаму, адрэстаўраваны ў 2018 годзе. Спонсарам рэстаўрацыі стаў КДБ.
У чэрвені 2024 года імя Фелікса Дзяржынскага прысвоілі ліцэю БДУ ў Мінску. У 2020 годзе выкладчыкі і выпускнікі ліцэя падтрымалі пратэсты. Адзін з выпускнікоў назваў перайменаванне «адкрытай помстай».
Яшчэ з савецкага часу ў Гродне ёсць вуліца Дзяржынскага, у Мінску — праспект Дзяржынскага. Вуліцы і праспекты, названыя ў гонар ідэолага «чырвонага тэрору», ёсць і ў астатніх абласных цэнтрах Беларусі, а таксама ў іншых гарадах. Найвышэйшы пункт Беларусі - гара Дзяржынская (да 1958 года — Святая гара), ёсць горад Дзяржынск (да 1932 года — Койданава, Койданаў). Бюст Дзяржынскаму стаіць насупраць будынка КДБ у Мінску.
Чытайце таксама: Чыноўнікі адказалі на петыцыю пра ўвядзенне іспыту па гісторыі Беларусі для атрымання грамадзянства
"Гродна. Турыстычная карта для гасцей горада" выйдзе накладам 6000 штук. Усе асобнікі будуць толькі на…
На таргі выставілі ўчастак каля кальцавой развязкі праспекта Касманаўтаў і вуліцы Карскага. Згодна з прызначэннем…
Сэрвіс карт ад Google абнавіў спадарожнікавыя фатаграфіі Гродна. На іх можна ўбачыць найбуйнейшыя будоўлі горада,…
Гродзенка Вікторыя Талкоўская апублікавала TikTok, у якім папрасіла гараджан назваць самыя змрочныя месцы Гродна. За…
Праз дарогу ад гандлёва-забаўляльнага цэнтра Triniti на праспекце Янкі Купалы прадаюць трохпакаёўку ў новым доме.…
Плануецца, што ў кожным раёне з’явіцца па дзве новыя пляцоўкі для выгулу хатніх жывёл. Адпаведны…