У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы 17 ліпеня завяршыўся прыём дакументаў на бюджэтную форму навучання. Найбольшы конкурс на спецыяльнасць «Графічны дызайн і мультымедыйны дызайн» — больш за 20 чалавек на месца, паведаміла БелТА. Hrodna.life паглядзеў конкурс на іншыя спецыяльнасці. Шмат хто хоча стаць пракурорам і адвакатам, мала хто — настаўнікам моваў.

Галоўны корпус ГрДУ. Фота з архіва Hrodna.life
Галоўны корпус ГрДУ. Фота з архіва Hrodna.life

Таксама высокі конкурс на дзённую бюджэтную форму атрымання адукацыі склаўся па спецыяльнасцях:

  • лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурнай камунікацыі: план прыёма сем чалавек — падалі дакументы 34 (амаль пяць чалавек на месца);
  • міжнароднае права, правазнаўства, эканамічнае права: на ўсе тры спецыяльнасці планавалі набраць 50 чалавек — падалі дакументы 172 (больш за тры чалавека на месца);
  • сусветная эканоміка, фінансы і крэдыт, эканоміка і кіраванне, электронная эканоміка: на ўсе гэтыя спецыяльнасці планавалі набраць 32 чалавека — падалі дакументы 95 (амаль тры чалавека на месца).

На спецыяльнасць «Журналістыка» планавалі набор 25 чалавек — падалі дакументы 33 (1,3 чалавека на месца). На спецыяльнасці «Інфармацыя і камунікацыія» і «Сацыялогія» планавалі набраць 25 чалавек, але дакументы падалі 63 абітурыента (больш за 2,5 чалавека на месца). На вайсковы факультэт па спецыяльнасці «Тылавое забеспячэнне» план набора ў 44 чалавека — падалі дакументы 52 абітурыента (1,1 чалавек на месца).

Недабор абітурыентаў на філалагічным факультэце. На спецыяльнасць «Беларуская філалогія» план набора — 20 чалавек. Дакументы падалі 18 абітурыентаў (застаецца яшчэ два вольных месца). На «Рускую філалогію» жадаючых вучыцца яшчэ меней — з 20 запланаваных дакументы падалі толькі дзевяць чалавек (застаецца 11 вольных месцаў на бюджэт). Падобная сітуацыя на спецыяльнасці «Гісторыя». Там планавалі набор з 34 чалавек, але дакументы падалі толькі 19 (застаецца 15 бюджэтных месцаў).

Платнікі яшчэ могуць падаць дакументы

Агулам абітурыенты маглі падаць дакументы на 53 спецыяльнасці. Да канца шостага дня работы прыёмнай камісіі дакументы падалі 2560 абітурыентаў. З іх 320 абітурыентаў могуць паступіць без уступных выпрабаванняў, а 23 чалавекі будуць залічаны па-за конкурсам.

У лідарах па падачы дакументаў Гродна і Гродзенская вобласць — 78,5% усіх заяў, за ёй Брэсцкая вобласць — адтуль дакументы падалі 281 абітурыент. На трэцім месцы абітурыенты з Мінскай вобласці - 170 чалавек.

Залічэнне студэнтаў на бюджэтную форму навучання адбудзецца 20 ліпеня. Тым, хто жадае навучацца на платнай аснове, можна падаць дакументы да 1 жніўня.

Чытайце таксама: Міграцыйныя службы: замежныя студэнты прыязджаюць у ГрДУ, каб нелегальна перайсці мяжу