Аглядную пляцоўку на даху ЦУМа на Савецкай (былы ўнівермаг «Нёман») вырашылі зрабіць круглагадовай. Раней яна была даступная для наведвальнікаў толькі ў цёплы сезон.
Новаўвядзенне хочуць увесці ўжо сёлета. Для гэтага кафэ «Nebo», якое зараз там працуе, памяняе абсталяванне бліжэй да восені. Уваход на дах на гэты час зачыняць не плануюць, піша «Sputnik» са спасылкай на дырэктарку кафэ Дар’ю Ларыёнаву.
Аглядная пляцоўка на даху былога гандлёвага дома «Нёман» з’явілася ў 2018 годзе. Яе лічаць самай вялікай у Беларусі - яе плошча каля 800 кв. м. У праект тады ўклалі каля $ 500 тыс., у тым ліку на ўстаноўку панарамнага ліфта. Назіральная пляцоўка стала папулярнай у турыстаў. На даху працавала кафэ «Крыша мира», па назве якога часта называлі саму пляцоўку. Некаторы час зімой там нават працаваў каток са штучным лёдам пад навясным купалам. Праўда, невялікі - усяго 160 кв. м.
У 2023 годзе гандлёвы дом «Нёман» пачалі рэканструяваць. Пасля адкрыцця ён змяніў назву на ЦУМ. Пляцоўка на даху стала зноў даступна ў пачатку ліпеня (афіцыйнае адкрыццё прайшло 16 ліпеня). Абноўленае кафэ на даху змяніла ўладальнікаў і меню і стала звацца «Nebo». Уваход на назіральную пляцоўку зрабілі платным. Для ўсіх, акрамя кліентаў кафэ, ён каштуе 2 руб.
Чытайце таксама: DJ з Гродна адкрывае музычны бар VINYL. Там можна будзе слухаць кружэлкі