Храмавы комплекс з будынкам для дапамогі бяздомным плануюць пабудаваць у раёне вуліц Магістральная і Абухава. Новы храм будзе ў руска-візантыйскім стылі. Яго прысвецяць абразу Мінскай Божай Маці.
Храм хочуць пабудаваць паміж новым жылым комплексам «Мір» на поўначы, прадпрыемствам «ГроднаАблГаз» на ўсходзе і бізнес-цэнтрам на захадзе.
Архітэктары закладвалі ў праект ідэю зборнай выявы праваслаўнай царквы з сілуэтам, характэрным для заходняй часткі Беларусі.
Руска-візантыйскі стыль — кірунак у архітэктуры, заснаваны на злучэнні дэкору старажытнарускай архітэктуры і прыёмаў рускага класіцызму. Стыль зарадзіўся ў Расійскай імперыі ў першай палове XIX ст.
Храм плануюць аднапавярховым, са складанай кампазіцыяй у плане і падвальным паверхам пад
часткай будынка. Вонкавыя сцены будуць з цэглы 510 мм, фасады ўцяпляць метадам лёгкай тынкавай сістэмы. Дах будзе скатным з вонкавым вадасцёкам. Вышыня храма разам з купалам будзе 19,5 м, агульная плошча будынка складзе 435,64 кв. м.
Будынак храма будзе складацца з алтара на ўзвышэнні, памяшкання для тых, хто моліцца, увянчанага барабанам і купалам у форме цыбулі, невялікім бабінцы і званіцы над ім. У заходняй частцы асноўнага памяшкання запраектавана вінтавая лесвіца на тэхналагічны балкон, які вядзе на званіцу. Храм разлічаны амаль на 300 чалавек.
Перад храмам размесцяць капліцу для асвячэння вады.
Што яшчэ ўвойдзе ў комплекс
Непадалёк ад будынка храма плануюць пабудаваць парафіяльны дом. У ім размесцяць трапезную, кухню, канферэнц-залу, мастацкія майстэрні, санвузлы, у тым ліку для фізічна аслабленых людзей. Вышыня парафіяльнага дома з дахам складзе 6,6 м, агульная плошча — 212 кв. м.
Асобна запраектаваны будынак для аказання гуманітарнай дапамогі бяздомным. Там будзе памяшканне для часовага знаходжання бяздомных, кухня і санвузлы. Там жа будзе міні-кацельня. Будынак будзе вышынёй 6,3 м, агульная плошча — 92 кв. м. Абедзве пабудовы будуць са скатным дахам.
На ўчастку размесцяць асобную паркоўку для святароў на чатыры парковачныя месцы і паркоўкі для наведвальнікаў на 8 і на 12 месцаў за агароджай комплексу. Адно месца прадугледжваюць для фізічна аслабленых людзей. За мяжой участку храма ёсць паркоўка яшчэ на шэсць месцаў. У дальняй частцы ўчастка будзе пляцоўка для смеццевых кантэйнераў. Тэрыторыю храма азеляняць.
Праект выставілі на грамадскае абмеркаванне
Грамадскае абмеркаванне праекта пройдзе з 17 па 31 ліпеня. Заўвагі і прапановы прымаюць у пісьмовай або электроннай форме (з пазнакай «грамадскае абмеркаванне»):
- Гродзенскі гарадскі выканаўчы камітэт (пл. Леніна, 2/1, 230 023, г. Гродна; е-mail: [email protected]);
- Упраўленне будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама (пл. А. Тызенгаўза, 3, 230 023, г. Гродна; е-mail: [email protected]);
- у часопіс уліку наведвальнікаў экспазіцыі аб’екта грамадскага абмеркавання.
Убачыць праект можна будзе з 17 па 31 ліпеня, з 8:00 да 13:00 і з 14:00 да 17:00 у будныя дні ў вестыбюлі ўпраўлення будаўніцтва і архітэктуры. Прэзентацыя праекта пройдзе 24 ліпеня ў 15.00 на першым паверсе будынка ўпраўлення архітэктуры, у кабінеце 1.
Чытайце таксама: Чыноўнікі прыслухаліся да грамадзян. На Магістральнай вырашылі не будаваць шматпавярховік