Навіны

«ФСБ-шнік з ходу перайшоў да пагроз». Беларусаў пачалі дапытваць расійскія памежнікі ў Калінінградзе

Памежны пераход паміж Польшчай і Расіяй у Калінінградскай вобласці карыстаецца папулярнасцю ў беларусаў, якія едуць на радзіму. Па-першае, праз невялікія ў параўнанні з беларуска-польскай мяжой чэргі, па-другое — такі маршрут дазваляе пазбегнуць сустрэчы з памежнікамі Беларусі. У апошнія два тыдні сітуацыя на расійскай мяжы змянілася, паведаміў «Вот Так». Hrodna.life перадрукоўвае гэты тэкст.

Калінінград. Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: pixabay.com/Georg11

Калінінградскі транзіт

Калінінград — зручны транспартны хаб для тых, хто хоча трапіць з ЕС у Беларусь. Падарожнікі аддаюць перавагу гэтаму маршруту, таму што мяжу тут можна прайсці ў некалькі разоў хутчэй, чым у Цярэспалі (гэта апошні дзейсны пагранпераход на польска-беларускай мяжы). З Калінінграда ў Мінск дагэтуль лётаюць рэгулярныя авіярэйсы, прычым у сталіцы Беларусі, дзякуючы пагадненням паміж РФ і РБ, пасажырам ужо не трэба праходзіць пашпартны кантроль і размаўляць з беларускімі памежнікамі.

Аднак з нядаўніх часоў у прымежных чатах, дзе абмяркоўваюць нюансы перасячэння расійскай мяжы, сталі зʼяўляцца паведамленні пра больш пільны кантроль. З ім сутыкаюцца тыя, хто мае нават мінімальныя адносіны да Украіны. Расійскія памежнікі зважаюць на адзнакі пра наведванне гэтай краіны, месца нараджэння і іншыя дэталі, якія дазваляюць звязаць падарожнікаў з Украінай. Для некаторых з іх руцінная паездка па звыклым маршруце перарываецца шматгадзінным допытам супрацоўнікамі расійскіх спецслужбаў.

«Вот Так» паразмаўляў з некалькімі беларусамі, якія за апошні час сутыкаліся з праблемамі пры спробе перасячы мяжу РФ. Прычым гэта адбывалася як пры ўездзе, так і пры выездзе з тэрыторыі Расіі.

Допыт з перадузятасцю

«Для мяне Калінінград — найбліжэйшы і зручны транзітны пункт па шляху ў Беларусь. Па справах езджу гэтым маршрутам практычна кожны месяц. З маім беларускім пашпартам праблем ніколі не ўзнікала. Маршрут просты — аўтобусам [з Польшчы] праз расійскую мяжу, затым самалёт, і выходжу ўжо практычна дома. Праблем з памежнікамі з-за сваіх дакументаў не меў ніколі», — расказвае «Вот Так» Ігар (імя зменена).

Да поўнамаштабнага расійскага ўварвання ён неаднаразова бываў ва Украіне, апошні раз — у 2021 годзе. Пра гэтыя паездкі нагадваюць штампы, якія ставілі ў пашпарт украінскія памежнікі. Раней пільнай цікавасці з боку расійскіх сілавікоў яны не выклікалі.

«Гартаючы пашпарт, яны заўсёды задавалі мне некалькі пытанняў: з якой мэтай ездзілі, ці ёсць ва Украіне сваякі? Казаў, што ездзіў на мора, сваякоў няма, на гэтым увесь допыт і заканчваўся. Складалася ўражанне, што ім проста трэба было выканаць некаторыя фармальнасці. Аднак гэтым разам усё пайшло па нязвыклым і нядобрым для мяне сцэнары», — успамінае мужчына нядаўняе перасячэнне расійскай мяжы ў напрамку Польшчы.

Праглядаючы пашпарт Ігара, супрацоўнік расійскай пагранслужбы адклаў дакумент убок. Прапусціўшы ўсіх пасажыраў аўтобуса, ён запрасіў мужчыну на дадатковую праверку ў асобны кабінет. Задаўшы яму некалькі пытанняў, памежнік паклікаў калегу ў цывільным — па вонкавым выглядзе і манеры паводзін супрацоўніка спецслужбаў. Далейшы допыт, які доўжыўся некалькі гадзін, праводзіў ужо ён.

«ФСБ-шнік з ходу перайшоў да пагроз. Гэта быў рэзкі кантраст з крыху флегматычнай і расслабленай манерай зносін з боку памежніка. Думаю, ён хацеў узяць мяне на спалох. Праглядзеўшы пазнакі, якія рабіў, гартаючы мой пашпарт, іншы супрацоўнік, ён пачаў казаць, што я папаўся, у іх ёсць на мяне нейкая інфармацыя датычна маіх паездак ва Украіну і ўдзелу ў беларускіх пратэстах. Карацей, фул-хаўс. А напрыканцы ўсяго ён паабяцаў перадаць мяне беларускаму КДБ», — дзеліцца Ігар.

Паводле яго слоў, у беларускіх пратэстах 2020 года ён удзелу не браў, у інтэрнэце наконт палітыкі ніяк не выказваўся, аднак агрэсіўная манера паводзін супрацоўніка ФСБ і пагрозы перадаць яго беларускім сілавікам зрабілі сваю справу. Калі паступіла патрабаванне разблакаваць тэлефон, ён хутка пагадзіўся. Цяпер Ігар пра гэта шкадуе.

Наступныя паўгадзіны памежнік і, верагодна, супрацоўнік ФСБ праглядалі змесціва ў ягоным тэлефоне, час ад часу змяняючыся ў твары, робячы выгляд, што знайшлі нешта сурʼёзнае, фатаграфавалі экран. Таксама яны пыталі Ігара пра стаўленне да Пуціна, Зяленскага і да расійска-ўкраінскай вайны, узгадвае суразмоўца:

«Потым у нейкі момант ФСБ-шнік мне кажа: усё, уліп ты па самыя вушы, капец табе, рыхтуйся да падвалаў [беларускага] КДБ. Зрабіў паўзу, паглядзеў на мяне і сказаў, што ёсць адзін шанец усё выправіць: расказаць усё, што мне вядома пра маіх знаёмых — беларусаў і расіян — якія альбо збіраюцца ў добраахвотнікі, альбо данацяць на УСУ, альбо збіраюць грошы на дроны і іншую амуніцыю».

Паралельна з гэтымі пытаннямі сілавік паказваў асобных людзей са спісу кантактаў на тэлефоне Ігара і патрабаваў расказаць пра іх.

Падчас шматгадзіннага допыту меркаваны супрацоўнік ФСБ перыядычна паўтараў прапагандысцкія штампы пра ворагаў Расіі. Урэшце, не знайшоўшы нічога сурʼёзнага і не здолеўшы схіліць суразмоўцу да супрацоўніцтва, ён сказаў Ігару збіраць рэчы і садзіцца на найбліжэйшы аўтобус.

Адразу пасля гэтага Ігар адправіўся ў Польшчу: ён упэўнены, што ад сапраўды вялікіх праблем яго выратавала толькі тое, што ў яго тэлефоне не было ніякай кампраметуючай інфармацыі.

Паляванне на добраахвотнікаў

Прыкладна ў гэты ж час расійскую мяжу ў Калінінградскай вобласці перасякаў Зміцер (імя героя таксама зменена) — іншы грамадзянін Беларусі, з якім удалося звязацца «Вот Так».

Мужчыну, які ехаў у Калінінград, таксама павялі на размову з супрацоўнікамі ФСБ.

Як і ў многіх беларусаў, у ягоным пашпарце былі адзнакі аб наведванні Украіны — да поўнамаштабнага расійскага ўварвання Украіна была галоўным турыстычным напрамкам для грамадзян нашай краіны. Многія з іх ездзілі адпачываць на мора, а жыхары прыгранічных населеных пунктаў адпраўляліся ва Украіну па пакупкі.

Падчас допыту Змітру паказвалі фатаграфіі двух хлопцаў — нібыта беларусаў. Па словах расійскіх сілавікоў, яны мелі намер уступіць у шэрагі УСУ і нядаўна іх затрымалі пры спробе выехаць у Польшчу праз Калінінград.

«Мне непасрэдна паказвалі сканы іх беларускіх пашпартоў. Пыталіся, ці не знаёмы я з імі. Патрабавалі ў мяне разблакаваць тэлефон. Наколькі я зразумеў, у гэтых хлопцаў падчас такой вось праверкі знайшлі доказы таго, што яны едуць ва Украіну — кантакты, перапіску. Мяркуючы па тым, што я пачуў, гэта былі не адзіныя выпадкі за апошні час. Не ведаю, наколькі я маю рацыю, але ў мяне склалася ўражанне, што расійскія сілавікі пачынаюць моцна трэсці беларусаў якраз пасля такіх затрыманняў», — расказаў пра свой досвед праходжання мяжы Зміцер.

Адміністратар аднаго з памежных Telegram-чатаў, з якім пагаварыў «Вот Так», расказаў, што цяпер «супрацоўнікі бяспекі» абавязкова гутараць з кожным чалавекам, які мае ўкраінскае грамадзянства, адзнакі ў пашпарце аб наведванні Украіны (незалежна ад тэрміну даўнасці) або якія нарадзіліся ва Украіне (або нават ва Украінскай ССР). Прычым гэта адносіцца як да тых, хто заязджае, так і да тых, хто выязджае з Расіі.

Такая практыка, па словах адміністратара, зʼявілася пасля тэракту ў «Крокус Сіці Холе». У такіх людзей надгляд асабістых рэчаў часта праводзіцца з перадузятасцю, сцвярджае адміністратар чата.

Удзельнікі чатаў пішуць, што «гутаркі» лёгка ператвараюцца ў допыты, якія суправаджаюцца вывучэннем змесціва мабільных тэлефонаў і ноўтбукаў. Супрацоўнікаў ФСБ цікавяць сваякі, якія жывуць на тэрыторыі Украіны, частата зносін з імі, родная мова, стаўленне да вайны і расійскай улады. У некаторых выпадках — але далёка не заўсёды, — сілавікі могуць пагражаць або аказваць ціск на падарожнікаў.

Чытайце таксама: Наш Каралявец. Як Калінінград быў надбалтыйскай сталіцай Прынямоння і што з ім здарылася

Падзяліцца

Апошнія запісы

Два падлеткі са Слоніма атрымалі крымінальную справу — за што?

Два хлопцы са Слоніма, узростам 14 і 15 гадоў, атрымалі крымінальны артыкул за хуліганства, здзейсненае…

19 верасня 2024

Стала вядома, колькі будзе каштаваць кватэра ў новым мікрараёне «Вясенні»

Дом у раёне вуліц Каліноўскага і Вясенняй, які пачалі будаваць у пачатку верасня, плануюць здаць…

19 верасня 2024

Гродзенцы абурыліся з-за платнай паркоўкі ля адной з новабудоўляў - $ 2000 за месца

Канфлікт разгарнуўся вакол паркоўкі ў новым доме на вуліцы Савецкіх пагранічнікаў. Гродзенцы абураны тым, што…

19 верасня 2024

Пад Гроднам прадаюць гатовы бізнес па вырошчванні дурніц

Фермерская гаспадарка знаходзіцца ў вёсцы Пальніца, што ў 23 кіламетрах ад Гродна. Гаспадарка дзейнічае —…

19 верасня 2024

У Швейцарскай даліне з’явілася новая сцежка. Куды яна вядзе?

На ўчастку ад вуліцы Мітрапаліта Філарэта да прыпынку «Цэнтр занятасці» на вуліцы Дзяржынскага амаль скончылі…

18 верасня 2024

Прадзюсарскі цэнтр, які няўдала судзіўся з Бондаравай, абскардзіў рашэнне суда (абноўлена)

ТАА "Флагман М'юзік" не пагадзілася з адмовай у іску аб абароне дзелавой рэпутацыі да актывісткі…

18 верасня 2024