Сілавікі правялі затрыманні ў лідскім рэстаране. Затрыманых за «экстрэмізм» у Лідзе возяць на прымусовыя працы. У Гродне затрымалі былога футбольнага фаната — на яго татуіроўку паскардзіліся грамадзяне. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 1 па 7 ліпеня.
Суд над святаром
Гродзенская епархія выклікала на царкоўны суд протаіерэя Георгія Роя. Святар назваў арганізацыю такога суда «кананічным нонсэнсам». Справа ў тым, што клірык ужо не адносіцца да юрысдыкцыі БПЦ, а прыняць пад юрысдыкцыю Сусветнага Патрыярхату, а гэта значыць, што Гродзенская епархія БПЦ не можа судзіць клірыка з іншай памеснай царквы. У якасці доказу протаіерэй прыклаў грамату аб прыняцці яго ў клір Канстанцінопальскага Патрыярхату.
Новыя палітвязні
Дар’я Заяц, Валерыя Драгун з Гродна, Іван Мікша з Іўе 5 ліпеня былі прызнаны палітзняволенымі.
Затрыманні ў Лідзе
Сілавікі правялі затрыманні ў лідскім рэстаране «Vashi Guli». Затрымалі і ўладальніка рэстарана, паведамілі праўладныя Telegram-каналы. Прычынай стала распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў. Сілавікі паведамляюць, што гэта не першае яго затрыманне.
Затрыманых за «экстрэмізм» у Лідзе возяць на прымусовыя працы
Ёсць тры месцы, даведаўся Telegram-канал «Задержания, суды в Лиде».
- в. Сцеркава — сартаваць смецце;
- на сартаванне лука ў в.Сухвальня «да нямецкага фермера-прадпрымальніка». Абяцалі плаціць па 30 рублёў за суткі. Але калі супрацоўнік працаваў дрэнна, ён нічога не атрымае. Гэта вырашае брыгадзір.
- збор камянёў на палях.
У нядзелю — выхадны.
У Гродне затрымалі былога футбольнага фаната
Таксіста і былога футбольнага фаната з Гродна затрымалі за татуіроўку ACAB. Сілавікі сцвярджаюць, што яе ўбачылі і паскардзіліся на гэта «пільныя грамадзяне». Раней тату ўнеслі ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
У Беларусі перасталі дыстанцыйна выпісваць з кватэр ваеннаабавязаных — нават праз суд
У Беларусі больш не хочуць выпісваць з жытла прапісаных там ваеннаабавязаных мужчын. Аб гэтым напісала адна з удзельніц Facebook-групы беларускай дыяспары за мяжой. Ёй трэба было дыстанцыйна выпісаць з кватэры ў Беларусі мужа. Яна планавала зрабіць гэта праз суд, але ад адваката даведалася, што ўжо не атрымаецца.
Гродзенскі бізнэсовец Віктар Рукша выйшаў на волю
Былы ўладальнік крамы «АвтоЗапчасти» Віктар Рукша ў Гродне выйшаў з СІЗА некалькі дзён таму. Пра гэта Hrodna.life паведаміла дасведчаная крыніца. Рукшу пачалі пераследаваць пасля таго, як ён паскардзіўся ў 2020 годзе на сілавікоў.
Закрыць мяжу, але не ўскладняць жыццё звычайным людзям: у Польшчы вырашаюць, як націснуць на беларускі рэжым
Улады Польшчы не выключаюць магчымасці спыніць пропуск грузаў на мяжы з Беларуссю. Пры гэтым дзеянне не павінна закрануць пераходы для людзей. «Не будзем ускладняць жыццё звычайным палякам і беларусам», — сказаў у эфіры Radio Zet міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі.
Гродзенцы вынеслі, верагодна, першы завочны прысуд
Завочна асудзілі 20 экспертаў, якіх аб’ядналі ў экстрэмісцкае фармаванне «аналітыкі Святланы Ціханоўскай». Сярод іх — гродзенка Леся Руднік, дырэктарка «Цэнтра новых ідэй», эмігрантка ў Швецыі, дактарантка Карльстадскага ўніверсітэта (Швецыя). Прысуд вынеслі ў Мінску 1 ліпеня.
«Гэты прысуд — яшчэ адзін сімптом павышэння градусу рэпрэсій беларускага рэжыму. Аналітыкі, эксперты, журналісты і даследчыкі ў гэтай справе — усе жывуць за мяжой, таму гэта таксама атака на свабоду слова, якую такія людзі рэтранслююць тым ці іншым чынам», — сказала Леся Руднік.
Блогер Vadimati з Гродна выйшаў на волю
Блогер Вадзім Ермашук (Vadimati) выйшаў на волю 29 чэрвеня 2024 года. Ён правёў у калоніі тры гады. Вадзіма Ермашука затрымалі ў Шчучыне 16 жніўня 2021 года. Там ён здымаў для свайго блога ролік аб мясцовым скейт-парку. Ён адбыў тры адміністрацыйныя арышты, а потым яму выставілі абвінавачанне. У гэты час сілавікі займаліся дыскрэдытацыяй мужчыны, для падтрымкі якога ў суд Шчучына прыязджалі дзясяткі людзей.