У Гродне можна набыць дом з сутарэннямі, плошча якіх больш за жылую частку. Цана такога будынка — амаль 1 млн рублёў ($ 300 тыс.). Аб’яву размясціла агенцтва «Магазин Недвижимости, заўважыла «Люстэрка».
Дом пабудавалі ў 2015 годзе. Ён размяшчаецца на вуліцы Захарава, 18 — недалёка ад аўтавакзала і Скідзельскага рынку. Плошча ўчастка — амаль шэсць сотак, перад домам ёсць газон і высаджаныя туі. Плошча дома 119,9 кв.м, а плошча сутарэнняў у двары дома 400 кв.м. Туды вядуць два ўваходы.
На бетоннай аснове перакрыцця падвала можна ўсталяваць каркасны басейн альбо арганізаваць пляцоўку для барбекю і адпачынку.
Што ёсць у доме?
На першым паверсе размяшчаецца гасцёўня. Яна злучана з кухняй і летняй верандай, якая мае выхад у двор. Таксама ў доме ёсць чатыры жылыя пакоі, а на кожным паверсе размяшчаецца сумешчаны санвузел.
На другім паверсе ёсць спальны пакой, кабінет і гардэробная. Мэбля ў доме з Кітая, Індыі і іншых краін, таксама ёсць балкон-тэраса.
На столі і падлозе кухні ды гасцёўні стварылі ўзор з керамічнай пліткі. Згодна з аб’явай, яна мае гістарычную каштоўнасць. На другі паверх можна патрапіць па драўлянай лесвіцы з металічнымі балясінамі віціеватай формы.
Чытайце таксама: Нерухомасць тыдня: як перапланаваць аднапакаёўку і вынесці кухню на лоджыю