Рэтра-аўтамабіль «Mercer» прыехаў у Беларусь з Польшчы і адразу ж стаў героем сацсетак. Многія пачалі параўноўваць яго з аўтамабілем з мультфільма «Прыгоды парсючка Фунціка». Аказваецца, такая машына — адзіная ў сваім родзе. Яе 11 гадоў будаваў паляк Ежы Крыніцкі з Лодзі, натхніўшыся аўтапрамам 20-х гадоў XX стагоддзя. Разам з жонкай Даротай Юст-Крыніцкай ён вырашыў пакатацца па Беларусі. Пара заехала ў Ліду, дзе дала інтэрв'ю мясцоваму тэлеканалу.
Што за «машына Фунціка»?
У ёй усталяваны дызельны рухавік на 2,5 л. Дадаткова ёсць бензінавы генератар: з яго дапамогай на стаянцы можна пагрэцца, прыгатаваць каву, зарадзіць ноўтбук ці нешта яшчэ. Ёсць кандыцыянер, халадзільнік і невялікая ракавіна. Бак месціць крыху больш за 60 літраў, з’ядае машына 11 літраў на 100 км.
«Дарогі тут добрыя, прыемна ехаць. А такая машына патрабуе добрых дарог, — расказала Дарота аб сваіх уражаннях ад Беларусі. — Усюды ў вас чыста, прыгожа».
Пара паспела ўбачыць некалькі абласцей Беларусі. Яны наведалі Кобрын, Пінск, Баранавічы, Мінск, Навагрудак, Мір і Ліду.
«Нам падабаецца Беларусь, у вас тут спакойна. Можа, Мінск крыху шумны, але ў цэлым нам вельмі падабаецца атмасфера. Маеце цудоўную зеляніну, дагледжаную. Людзі вельмі мілыя, сімпатычныя», — працягвае Дарота.
Крамы працуюць па нядзелях, а людзі больш адчыненыя
Пара расказала, чым Беларусь, паводле іх назіранняў, адрозніваецца ад Польшчы.
«У нас крамы ў нядзелю не працуюць. Тут можна зайсці ўсюды. Яшчэ ў Беларусі ёсць крамы, якія працуюць дапазна. У вас адкрыты банкі ў суботу. У нас не. А сярод тыдня толькі да 12», — адзначыла Дарота.
У Польшчы з 2018 года большасць крам зачыненыя па нядзелях і ў дзяржаўныя выходныя. Ёсць усяго некалькі так званых «гандлёвых нядзель» у годзе, калі крамы адчыненыя.
«Вы вельмі прыязныя і адкрытыя. У нас мала такіх сустрэч, як у вас. Нашы людзі замкнёныя ў сабе і ў дамах. Не маем зносін паміж сабой, як вы тут. Відаць, што маеце агульныя тэмы, святы. У нас ужо менш», — кажа Дарота пра свае ўражанні ад зносін з беларусамі.