У Гродне 3 ліпеня адбыўся аўтапарад. Яго прысвяцілі Дню незалежнасці і 80-годдзю вызвалення Мінска ад нацысцкіх войскаў. Hrodna.life паглядзеў, што адбывалася ў цэнтры горада.
Святкаваць Дзень незалежнасці ў Гродне пачалі з ускладання вянкоў да помніка савецкім вайскоўцам і партызанам у парку Жылібера. Потым па вуліцах Сацыялістычнай і Дзяржынскага праехала аўтакалона з грузавымі аўтамабілямі ад раёнаў і прадпрыемстваў Гродзеншчыны.
На аўтамабілях размясцілі чырвоныя транспаранты. На іх былі напісаныя даты вызвалення кожнага раённага цэнтра ў 1944 годзе. Таксама на кожнай машыне прэзентавалі адметнасць раёна. Слонімскі раён хваліўся мясакамбінатам, Дзятлаўскі - санаторыем «Радон». Воранаўскі прадстаўляла «Воранаўская сельгастэхніка», а Зэльвенскі - «Ганненскі кірмаш» і Зэльвенскае вадасховішча.
Таксама быў аўтамабіль ад Скідзеля, на якім прэзентавалі Скідзельскі цукровы камбінат. Былі аўтамабілі ад «Гарадзенскага маёнтка „Каробчыцы“» і «Гродна Азот» з «Хімвалакно».
За аўтакалонай прайшлі па 24 супрацоўнікі ад буйных гродзенскіх прадпрыемстваў: «Гродна Азот», «ЗОВ Мебель», «Гроднааблгаз», «Гродзенскі мясакамбінат» і іншыя.
Чытайце таксама: Дзе ў Гродне абмежавалі рух у Дзень незалежнасці і як вярнуцца дадому пасля салюту
Пасля аўтапараду на плошчы Леніна ўзнагародзілі пасведчаннямі гродзенцаў, якіх унеслі ў Кнігу славы горада Гродна. З прамовамі выступілі старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік і памочнік Лукашэнкі, інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў.