Гродзенку Лесю Руднік, якая жыве ў Швецыі, у Беларусі завочна асудзілі на 10 гадоў. Яе і яшчэ 19 экспертаў аб’ядналі ў экстрэмісцкае фармаванне «Аналітыкі Святланы Ціханоўскай». Вырак суда агучылі ў Мінску 1 ліпеня 2024 года. Hrodna.life спытаў у эксперткі, як яна ставіцца да прысуду.
«Гэты прысуд — яшчэ адзін сімптом павышэння градусу рэпрэсій беларускага рэжыму. Аналітыкі, эксперты, журналісты і даследчыкі ў гэтай справе — усе жывуць за мяжой, таму гэта таксама атака на свабоду слова, якую такія людзі рэтранслююць тым ці іншым чынам», — сказала Леся Руднік.
Яна не ставіцца да гэтага прысуду як да адзнакі сваёй працы, і не любіць, калі яе «віншуюць», нягледзячы на тое, што шматлікія яе калегі ставяцца да гэтага з гумарам.
«Але таксама не расстройваюся моцна, бо я і ўсё маё наваколле ведае, што нічога кепскага ніхто з фігурантаў так званай справы не зрабіў. Відавочна, гэта нейкі сюр, гульня, у якой выносячы прысуд незалежным даследчыкам і аналітыкам, яны [беларускія ўлады] самі змяшчаюць сябе за краты», — лічыць жанчына.
«Гэта гульня скончыцца справядлівасцю»
Руднік не плануе нешта рабіць у сувязі з такім прысудам. «Гэта гульня скончыцца справядлівасцю. Калі будуць умовы для рэалізацыі справядлівасці, тады ўсё вырашыцца», — лічыць экспертка.
Лесю яе падтрымлівае сям’я. «І гэта галоўнае», — кажа яна.
Чытайце таксама: Без абцасаў з Лесяй і Ланай Руднікамі. Леся расказала аб сваёй працы, а Лана — як расла дзяўчынка, што сёлета стала «Еўрапейцам году»
«У Расію шляхі закрытыя»
Паводле слоў Руднік, беларускі прысуд ніяк не паўплывае на яе жыццё і знаходжанне ў еўрапейскіх краінах. «Нічога не пагражае», — коратка пракаментавала яна.
Але з-за прысуду Алеся плануе пазбягаць наведвання краін, якія маюць з Беларуссю дамову аб экстрадыцыі, у тым ліку і Расію.
«У Расію я і так не ездзіла, але з нядаўняга часу знаходжуся ў вышуку ў базе расійскага МУС, таму туды шляхі таксама закрытыя».
Што за справа «аналітыкаў Святланы Ціханоўскай»
У студзені 2024 Следчы камітэт завёў справу супраць 20 беларускіх экспертаў. Іх абвінавацілі ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады, уваходжанні ў склад экстрэмісцкага фарміравання, пасобніцтве публічным заклікам да дзеянняў на шкоду нацыянальнай бяспецы Беларусі, садзейнічанні ўзбуджэння сацыяльнай варожасці.
Абвінавачаныя па справе — вядомыя беларускія палітолагі, сацыёлагі, аналітыкі, універсітэцкія выкладчыкі, аўтары шматлікіх даследаванняў. Многія задоўга да 2020 года з’ехалі за мяжу і атрымалі грамадзянства іншых краін. Некаторыя нават не былі знаёмыя паміж сабой.
Хто такая Леся Руднік
Алеся Руднік нарадзілася і вырасла ў Гродне, жыве ў Стакгольме. Скончыла ЕГУ ў Вільні па кірунку «Паліталогія». У Швецыі атрымала дзве магістарскія ступені: па паліталогіі і журналістыцы. Дактарантка Карльстадскага ўніверсітэта (Швецыя), дырэктарка і даследчыца Цэнтра новых ідэй. Былая старшыня грамадскага аб’яднання «Беларусы Швецыі». Даследуе лічбавую палітыку ў аўтакратыях і яе ўплыў на дэмакратызацыю, уключаючы мабілізацыю праз сацыяльныя сеткі.
У красавіку 2022 года Алеся Руднік стала першай беларускай, якая атрымала ўзнагароду «Еўрапеец года 2022». Прэмію заснаваў у 1995 годзе Шведскі еўрапейскі рух. Яе ўручаюць асобам, якія маюць сталыя сувязі са Швецыяй і якія ўнеслі ўклад у развіццё супрацоўніцтва паміж народамі Еўропы для ўмацавання міру і свабоды, культурнага ўзаемаразумення і сацыяльнай згуртаванасці.