У Гродзенскай універсітэцкай клініцы дактары ўпершыню правялі лапараскапічную аперацыю адначасова на трох органах. 67-гадовай жыхарцы Гродна выдалілі кісту селязёнкі, жаўцяк і дрэнавалі кісту падстраўнікавай залозы, стварыўшы сувусце з тонкай кішкай.
Хірургі выкарыстоўвалі высокатэхналагічную ашчадную тэхніку замест традыцыйнай у такім выпадку адкрытай аперацыі, расказалі ў Галоўным упраўленні аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама. Самым складаным момантам было ўмяшанне ў падстраўнікавую залозу з-за вялікай кісты, якая ўтварылася пасля перанесенага панкрэатыту. Складаная структура і цеснае прыляжанне да многіх важных органаў і буйных сасудаў робяць аперацыі на гэтым органе надзвычай складанымі. Улічваючы цукровы дыябет пацыенткі, адкрытая аперацыя магла павысіць рызыкі ўскладненняў.
Аперацыя была планавай, доўжылася каля чатырох гадзін і завяршылася паспяхова. У камандзе хірургаў былі Дзмітрый Якімовіч, Алег Сарока, Яраслаў Жук і анестэзіёлаг Яўген Балтрукевіч. Пацыентку выпісалі пад назіранне ўрачоў па месцы жыхарства.
Лапараскапіі - больш за 90%
Агулам у хірургічным аддзяленні Гродзенскай універсітэцкай клінікі штогод аказваюць дапамогу больш як 1200 пацыентам. Больш за 90% аперацый у аддзяленні выконваюць лапараскапічным метадам. Іх адносяць да катэгорыі высокатэхналагічных, складаных або выкананых з прымяненнем складанага абсталявання. Гэта холецыстэктаміі, апендэктаміі, пахвінныя кілы сячэння,
пластыка пасляаперацыйных кілаў і кілаў страваводнай адтуліны дыяфрагмы, спленэктаміі. Таксама на базе клінікі функцыянуе «Абласны цэнтр хірургіі кілаў».
Чытайце таксама: «Лекары, перагружаныя працай, стамляюцца і прапускаюць важныя дэталі». Беларусы патрабуюць праверыць парушэнні пры прыёме пацыентаў