Беларускае тэлебачанне расказала гісторыю беларуса, які працуе кіроўцам грузавіка ў Еўрасаюзе. У сюжэце «Вербоўка на мяжы?» мужчына расказаў тэлерадыёкампаніі «Гомель», як яго быццам бы правяралі на мяжы ў Тарэспалі польскія спецслужбоўцы. Hrodna.life запытаў у польскіх памежнікаў, наколькі можна верыць яго словам.

Мужчыну ў сюжэце назвалі дальнабойшчыкам з Гомеля па імені Ілля. Праўда, твару яго ані разу не паказалі. Ён расказаў, што рэгулярна ездзіць у Польшчу на заробкі, але нядаўна быццам бы сустрэўся з вельмі пільным даглядам. З яго словаў, яго папрасілі выйсці з машыны і прайсці з мужчынам у гарнітуры на размову ў асобнае памяшканне. Там быццам бы ўжо чакала полька, якая добра размаўляла па-расійску. Іллю быццам бы прымусілі разблакаваць і аддаць на праверку тэлефон, а таксама запоўніць анкету. У ёй быццам былі пытанні пра яго адносіны да Украіны, пра тое, ці бачыў у Беларусі наймітаў «Вагнера» або расійскіх ваенных, пра яго адносіны да Лукашэнкі і пратэстаў. У канцы сюжэту Ілля расказаў таксама, што Еўропа падалася яму бруднай, смярдзючай і поўнай бяздомных.

Польскія памежнікі справу не каментуюць

Рэдакцыя Hrodna.life даслала ў Надбужанскае аддзяленне польскай памежнай аховы пытанне, ці сапраўды на мяжы пачалі такім чынам дапытваць беларусаў.

Прэс-сакратар аддзела капітан Дарыюш Сяніцкі адказаў, што згодна з Законам аб пагранічнай ахове звесткі аб ахове дзяржаўнай мяжы, памежным кантролі і супрацьдзеянні нелегальнай міграцыі могуць быць прадастаўлены толькі судам, пракуратуры і іншым дзяржаўным органам.

Іншых сведчанняў няма. Затое ёсць пра праверку тэлефонаў на беларускім боку

Рэдакцыя Hrodna.life праверыла ў некалькіх папулярных памежных чатах на 15−20 тысяч удзельнікаў, ці пісаў нехта цягам апошніх месяцаў пра падобныя допыты з польскага боку мяжы. Ніводнага такога сведчання мы не знайшлі. Чытачы Hrodna.life, які адносна нядаўна перасякалі мяжу, таксама расказалі, што не заўважалі ніякай падвышанай пільнасці польскіх службаў.

Затое ў памежных чатах хапае інфармацыі пра допыты з прымусовым праглядам тэлефонаў на беларускім боку мяжы. Грамадзян Беларусі, якія вяртаюцца дадому з-за мяжы, могуць прымусіць разблакаваць тэлефон ці правесці з імі размову на палітычныя тэмы. Таксама ўласнікі ўкраінскіх пашпартоў гарантавана трапляюць на допыт на мяжы. Паводле апісанняў тых, хто іх праходзіў, гэтыя допыты падобныя да апісаных Іллём на гомельскім тэлебачанні. З адным адрозненнем: іх праводзяць не польскія, а беларускія памежнікі.