Арыентавацца на працу з пасажырамі і прыцягваць іх да адказнасці за непрышпіленыя рамяні бяспекі паабяцалі супрацоўнікі гродзенскай дзяржаўтаінспекцыі на сустрэчы з перавозчыкамі. Да гэтага часу за непрышпіленых пасажыраў рэгулярна штрафавалі кіроўцаў, бо яны нясуць за іх адказнасць.
З пачатку года кіроўцаў маршрутак і аўтобусаў у Гродне аштрафавалі каля 500 разоў. Больш за 50 штрафаў было за перавышэнне хуткасці, каля 40 — за тэхнічныя няспраўнасці, а звыш 130 штрафаў - за тое, што кіроўцы або пасажыры не былі прышпіленыя.
Пытанне, як прымусіць пасажыраў прышпільвацца, стала адным з самых папулярных у Гродне на сустрэчы перавозчыкаў з прадстаўнікамі ДАІ, Следчага камітэта, Транспартнай інспекцыі і Аператараў перавозак. Прадстаўнікі транспартнай інспекцыі нагадалі, што для міжгародніх маршрутак наяўнасць рамянёў бяспекі для пасажыраў стане абавязковай умовай. Бусы без рамянёў не дапусцяць да конкурсу на права перавозак.
Асноўную праблему перавозчыкі бачаць у тым, што кіроўца не можа кантраляваць паводзіны пасажыраў падчас руху. Яны могуць прышпіліць рамяні ў пачатку маршрута і адшпіліцца пазней. Перавозчыкі прапанавалі за непрышпіленыя рамяні штрафаваць пасажыраў, а не кіроўцаў.
Прапанову пачулі: ДАІ будзе арыентавацца на працу з пасажырамі і прыцягваць іх да адказнасці за паездкі без рамянёў нараўне з вадзіцелямі. Такія выпадкі ўжо былі ў Гродзенскай вобласці.
Маршруткі рэгулярна трапляюць у ДТЗ
На тое, што супрацоўнікі ДАІ рэгулярна штрафуюць кіроўцаў за пасажыраў, якія адшпіліліся, яны публічна скардзіліся ў пачатку 2024 года. «Перад выездам мы паглядзелі і пераканаліся, што ўсе прышпілены, пачынаем рух, а ў дарозе сустракаем праверку і аказваецца, што ўжо палова пасажыраў у маршрутцы сядзіць без рамянёў. Як так? І пытаюцца з нас. Пасажыр адшпіліўся, а вінаваты кіроўца», — тлумачыў адзін з кіроўцаў.
Пры тым толькі за апошнія тры месяцы ў Гродзенскай вобласці адбылося некалькі дарожных здарэнняў, у якіх пацярпелі маршруткі. Так, у красавіку ў Мастоўскім раёне маршрутка ўрэзалася ў трактар - было 10 пацярпелых, у тым ліку дзеці. 23 чэрвеня каля Шчучына, на трасе М6, перавярнулася маршрутка «Ліда-Гродна». Усяго ў ёй ехала 15 чалавек. Пасажыры выжылі, але былі пацярпелыя, адну жанчыну шпіталізавалі. А ўжо 26 чэрвеня на трасе Р-11 паміж Навагрудкам і Бярозаўкай маршрутка сутыкнулася з павозкай. 54-гадовы мужчына, які кіраваў конным возам, загінуў, на кіроўцу маршруткі завялі крымінальную справу.