На трасе Р-11, якая злучае Навагрудак і Бярозаўку, 26 чэрвеня адбылася аварыя. Мікрааўтобус Mercedes сутыкнуўся з возам. Пра гэта паведаміла Міністэрства ўнутраных спраў.
Здарэнне адбылося каля 11:00 побач з паваротам на вёску Байкі. У выніку загінуў 54-гадовы мужчына, які кіраваў гужавым возам. 58-гадовага кіроўцу маршруткі і шэсць з васьмі пасажыраў даставілі ў шпіталь для агляду.
Супраць кіроўцы маршруткі ўзбудзілі крымінальную справу па ч.2 арт.317 (парушэнне правілаў дарожнага руху, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека).
Другое здарэнне з маршруткай у вобласці за тыдзень
У панядзелак 24 чэрвеня на трасе М-6 каля Шчучына перавярнулася маршрутка «Ліда — Гродна». У ёй было 15 чалавек. Былі пацярпелыя, адну жанчыну шпіталізавалі.
У Мастоўскім раёне ў красавіку 2024 года маршрутка «Брэст — Гродна» ўрэзалася ў трактар. У салоне было 20 чалавек, частка з іх былі не прышпілены. У выніку здарэння пацярпелі 10 чалавек, у тым ліку дзеці.