3 ліпеня ў Гродне будуць святкаваць Дзень Незалежнасці і 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Урачыстыя мерапрыемствы пачнуцца ў 10:00 з цырымоніі ўскладання кветак да брацкай магілы ў парку Жылібера. Удзел прымуць кіраўніцтва вобласці і горада, дэпутаты, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, работнікі прадпрыемстваў, ветэраны і моладзь.
Глядзіце таксама: Як адзначаць Дзень Незалежнасці ў Гродне: падрабязная праграма на 3 ліпеня
Навінкай для Гродна стане аўтапарад «Да 80-годдзя вызвалення: сімвалы і даты свету», піша «Гродзенская праўда». Ён аб’яднае ў калону каля 25 стылізаваных аўтамабіляў, у тым ліку буйнагабарытнай тэхнікі, з усіх раёнаў вобласці. За ім пройдзе шэсце работнікаў прадпрыемстваў і арганізацый Гродна. У ім прымуць удзел каля 500 чалавек: прадстаўнікі адукацыі, аховы здароўя, гандлю і спорту. Шэсце пачнецца ад вуліцы Сацыялістычнай і скончыцца на плошчы Тызенгаўза.
У 11.00 на плошчы Леніна пачнецца ўрачысты мітынг.
На вуліцы Савецкай адкрыюцца тэматычныя пляцоўкі «Дошка Гонару. 1944−2024», дзе прадставяць дасягненні прамысловасць, установы аховы здароўя, ЖКГ, сфера інфармацыі і сувязі і вядомыя брэнды вобласці.
У 12.00 на плошчы Савецкай пачнецца спартыўнае свята.
У парку Жылібера рыхтуюць інтэрактыўныя лакацыі. Там выступяць калектывы Гродзенскага гарадскога цэнтра культуры, ветэранаў працы і ўзброеных сіл. Будзе майстар-клас па танцах, выстава-продаж дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, анімацыйныя праграмы, фотазоны. Каля ўваходу ў парк з боку вуліцы Ажэшкі пройдуць паказальныя выступленні МНС, Дэпартамента аховы, ДАІ і міліцыі.
На працягу дня будзе працаваць выязны гандаль, а на плошчы Леніна — грамадскае харчаванне пад адкрытым небам на тысячу пасадачных месцаў. На вячэрнім канцэрце выступіць Ігар Нікалаеў (Расія).
Свята завершаць рэспубліканскай акцыяй «Пяём гімн разам», феерверкам і танцамі. Праграма яшчэ будзе ўдакладняцца і можа карэктавацца.
Чытайце таксама: Першы гарадскі выпускны ў Гродне: шэсце, канцэрт і феерверк для 2,5 тысяч выпускнікоў