Улады Польшчы разглядаюць варыянт закрыцця апошніх двух памежных пераходаў на мяжы з Беларуссю. Пра гэта ў эфіры тэлеканала TVN24 расказаў міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі.
«У сувязі з дзеяннямі Беларусі мы задумаліся пра закрыццё ўсіх памежных пераходаў. Зараз мы аналізуем, ці будзе гэта цяжарам для эканомікі. Фіны закрылі памежныя пераходы з Расіяй, і бравада скончылася», — сказаў Сікорскі.
Міністр Сікорскі не ўдакладніў, ці будзе закрыццё руху праз мяжу тычыцца толькі аўтамабільных пунктаў пропуску, ці можа закрануць таксама чыгунку, па якой усё яшчэ ездзяць з Беларусі ў Польшчу грузавыя цягнікі.
Латушка: закрываць мяжу трэба, але толькі для грузавога руху
«Падтрымліваю закрыццё ўсіх таварных пунктаў пропуску з мэтай прымусіць Лукашэнку спыніць саўдзел у агрэсіі Расіі супраць Украіны, спыніць масавыя рэпрэсіі ў дачыненні да беларусаў і вызваліць палітычных зняволеных, спыніць гібрыдную вайну з выкарыстаннем мігрантаў у дачыненні да Польшчы і іншых краін ЕС. Адначасова важна захаваць магчымасць перасячэння граніцы грамадзянамі Беларусі праз пасажырскія пункты пропуску», — пракаментаваў заяву Сікорскага беларускі палітык Павел Латушка. Ён лічыць, што важна захаваць для беларусаў магчымасць камунікацыі з Еўропай.
Дзе пакуль што яшчэ адкрытая мяжа з Польшчай
Цяпер на польска-беларускай мяжы працуюць толькі два аўтамабільныя пункты пропуску: «Кукурыкі» («Казловічы» з беларускага боку) для грузавікоў і «Цярэспаль» («Брэст» з беларускага боку) — для легкавых аўтамабіляў і аўтобусаў.
Памежныя пераходы «Кузніца» («Брузгі») і «Баброўнікі» («Бераставіца») не дзейнічаюць з лістапада 2021 і лютага 2023 адпаведна. Першы закрылі ў адказ на мігранцкі крызіс, штучна створаны беларускім і расійскім рэжымамі. Другі - у адказ на палітычны прысуд беларускаму журналісту польскай нацыянальнасці Анджэю Пачобуту.
Думалі адкрываць мяжу, але мігранцкі крызіс абвастрыўся
У канцы траўня прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск казаў, што пункт пропуска «Баброўнікі» можна адкрыць цягам некалькіх дзён. Але амаль адразу пасля яго заявы спробы мігрантаў нелегальна перайсці мяжу пачасціліся, а ў выніку аднаго з нападаў загінуў польскі вайсковец.