У гродзенскай паліклініцы прымушаюць даваць справаздачу пра паездкі за мяжу, а тэлефон могуць праверыць у любы момант. У іншых дзяржустановах абавязалі нават запаўняць адмысловую анкету. Пра што пытаюцца?
Персанал паліклінікі ў Гродне выклікаюць на гутарку да намесніка галоўнага ўрача па ідэалогіі і кадрах. За адмову пагражаюць звальненнем, расказала супрацоўніца паліклінікі для DW. Спачатку выклікалі толькі тых, у каго заканчваўся кантракт. Пасля пачалі правяраць усіх: «каб у сацсетках не было ніякай крамолы». Таксама намеснік галоўнага ўрача распытваў, навошта ездзілі за мяжу, нават калі гэта было падчас адпачынку. Удакладняў, чаму паехалі туды, а не ў беларускую санаторыю.
Падрабязна пытаюцца пра сваякоў за мяжой: дзе жывуць, чым займаюцца, як ставяцца да ўлады, чаму не вяртаюцца ў Беларусь. У любы момант могуць праверыць змест тэлефона.
«У многіх дзеці за мяжой, — распавяла супрацоўніца паліклінікі. — Не хочацца нашкодзіць ні ім, ні сабе. Калі гэта стала на паток, людзі паціху асвоіліся і былі гатовыя „правільна“ адказваць».
Допыты не толькі ў Гродне
Сітуацыя тычыцца не толькі Гродна. Напрыклад, у Беларускім дзяржаўным універсітэце супрацоўнікаў абавязалі запаўняць спецыяльную анкету пасля вяртання з-за мяжы — як з камандзіровак, так і з адпачынку. На гэта адводзяць пяць працоўных дзён. Анкета суправаджаецца распараджэннем першага прарэктара і не рэгламентуецца лакальнымі загадамі. Даваць справаздачу не трэба толькі пасля паездак у Расію. Такая практыка парушае права на працу і права на неўмяшанне ў асабістае жыццё, адзначае экспертка «Беларускага Хельсінкскага камітэта» Кацярына Дэйкала.
Якія пытанні ў анкеце
Анкета для супрацоўнікаў адной з устаноў адукацыі выглядае як скапіяваная з анкеты для чыноўнікаў і супрацоўнікаў спецслужбаў. Адзін з першых пунктаў - «пазначце форму допуску да дзяржаўных сакрэтаў». Таксама ў анкеце пытаюцца:
- пра наяўнасць замежнага грамадзянства ці іншага дакумента, які дае прывілеі за мяжой (від на жыхарства, карта паляка, грын-карта). Раней супрацоўнікаў дзяржпрадпрыемстваў пад пагрозай звальнення прымушалі адмаўляцца ад такіх дакументаў. З канца 2023 года даваць справаздачу пра іх наяўнасць абавязалі ўсіх беларусаў. У Гродзенскай вобласці на студзень 2024 года пра іх паведамілі больш за 12 тыс. чалавек;
- пра ўсе візы, якія спрабаваў атрымаць рэспандэнт, і як праходзіла сумоўе ў амбасадзе;
- пра вучобу і працу за мяжой,
- пра сваякоў, якія жывуць за мяжой, у тым ліку пра тое, чым яны займаюцца;
- пра кантакты з любымі замежнікамі, і ці праяўлялі яны «павышаную цікавасць» да Беларусі або асобных яе грамадзян;
- пра мэту апошняй паездкі за мяжу, маршрут, месца пражывання;
- як перасякаў мяжу, хто аплачваў паездку;
- з кім сустракаўся за мяжой і ці было сачэнне;
- ці звяртаўся ў паліцыю і іншыя дзяржорганы;
- ці прапаноўвалі супрацу з замежнымі спецслужбамі.