Праўладная і прарасійская актывістка Вольга Бондарава з Гродна звярнулася ў Міністэрства надзвычайных сітуацый Беларусі са скаргай на адсутнасць рускай мовы на налепках у грамадскім транспарце. Пры тым рускамоўныя надпісы замянілі на надпісы на беларускай літаральна ў канцы вясны. У сваім звароце Бондарава спаслалася на нормы закона, якія часта парушаюцца ў адносінах да беларускай мовы і беларускамоўных грамадзян нашай краіны.
У звароце актывістка напісала, што адсутнасць рускай мовы стварае нязручнасці для грамадзян Беларусі. Яна ўспомніла нядаўні выпадак узгарання аўтобуса ў Мінску. Яе ўсхвалявалі адсутнасць «інфармацыі аб бяспецы» на рускай мове і «новыя незразумелыя словы» «вечка», «выключальнік», і «клямка». Жанчына лічыць, што гэтыя словы «ніхто не выкарыстоўвае ў гутарцы і не зразумее, што куды націснуць у выпадку надзвычайнай сітуацыі».
Яна прапанавала дадаць рускую мову як другую дзяржаўную на інфармацыйныя ўказальнікі аб бяспецы ў грамадскім транспарце Мінска і іншых гарадоў.
Бондарава спаслалася на 17 артыкул Канстытуцыі: «Дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляюцца беларуская і руская мовы», падкрэсліўшы, што яе фармулёўка не дапускае «ніякага розначытання і фармулёўкі АБО». Вольга Бондарава прывяла яшчэ некалькі спасылак на пункты закона, і рэзюмавала, што «ігнараванне рускай мовы ў інфармацыйных паказальніках аб бяспецы грамадскага транспарту парушаюць правы асобы па моўнай прыкмеце рускамоўнага насельніцтва». Такім чынам, у сваім звароце яна спаслалася менавіта на тыя нормы закону, якія ў Беларусі часта парушаюцца ў дачыненні да беларускай мовы і беларускамоўнага насельніцтва.
Чытайце таксама: На аўтавакзале ў Гродне зніклі аб’явы на беларускай мове
Звароты ў выканаўчыя камітэты не прынеслі Вользе Бондаравай жаданага выніку — «атрыманыя адпіскі», адзначыла яна. Адказ з «Мінсктранса» з пералікам моваў, якія выкарыстоўваюцца ў грамадскім транспарце, яе таксама не парадаваў. За рускую мову ў Беларусі Бондарава б’ецца і ў іншых сферах.
Таксама Бондарава ў сваім канале перапосціла запіс праўладнай мастачкі Святланы Жыгімонт ад 4 чэрвеня. У ёй тая абураецца выпраўленнем русізмаў на шыльдах, наяўнасцю англійскай мовы ў транспарце і адкрыта здзекуецца з беларускай мовы: «Клямка-плямка, вечка-авечка і інвалідны вазок. 🤪 Это мова? Да идите вы нах [зачеркнуто] Хотите такую мову?» [Арфаграфія і пунктуацыя аўтаркі захаваныя — Hrodna.life]. Жыгімонт абурылі надпісы: «Пры аварыі адчыніць вечка, націснуць чырвоную кнопку, дзверы адчыніць уручную»; «Пры аварыі павернуць клямку да ўпору, дзверы адчыніць уручную»; «Месца для інваліднага вазка. Івалідны вазок павінен устанаўлівацца супраць напрамку руху з апорай на перагародку або апорную панэль у зафіксаваным становішчы».
Акрамя барацьбы супраць беларускай мовы ёсць і барацьба за яе. Так, моўны актывіст Ігар Случак зазначаў, што 12 красавіка пісаў звароты ў «Мінсктранс» аб тым, каб у грамадскім транспарце былі інфармацыйныя таблічкі і налепкі на беларускай мове. Таксама 18 чэрвеня актывісты прапаноўвалі гродзенцам пісаць звароты, каб на новых электронных табло, якія плануюць усталяваць на прыпынках грамадскага транспарту ў Гродне, з’явілася беларуская мова.
Чытайце таксама: Бондарава парадавалася, што перамагла беларускую лацінку. Насамрэч, гэта быў расійскі трансліт
Плануецца, што ў кожным раёне з’явіцца па дзве новыя пляцоўкі для выгулу хатніх жывёл. Адпаведны…
Гродзенскі абласны суд прызнаў Ежы Грыгенчу вінаватым паводле чатырох крымінальных артыкулаў. Яму прызначылі шэсць гадоў…
Блогер з Гродна Аляксей Саўко з ростам у 136 см апублікаваў фота ў футболцы “Команда…
Экран вышынёй 7 метраў з’явіўся на фасадзе гандлёва-забаўляльнага цэнтра Triniti на праспекце Янкі Купалы. Гэта…
Гродзенская вобласць страціла лідарскую пазіцыю па колькасці арганізаваных турыстаў. Цяпер сярод найбольш папулярных напрамкаў —…
Аперацыя праводзіцца на тэрыторыі Гродна і Гродзенскага раёна ў рамках камандна-штабных вучэнняў сілавікоў. На час…