Старую частку могілак «Аульс» (Петропаль) закрылі для пахаванняў. Дагэтуль гэта былі адзіныя дзейныя могілкі ў Гродне. За апошнія 28 гадоў там пахавалі больш за 54 тысячы чалавек.

Хаваць зараз будуць на новых могілках у раёне станцыі Аульс — на іншым боку шашы паміж Аульсам і Путрышкамі, праз дарогу ад старых. Яны добраўпарадкаваныя: ёсць паркоўка, біяпрыбіральні, вадаправод, удакладнілі на «Гродно Плюс». У 2023 годзе там пабудавалі першы гродзенскі калумбарый. Месца для пашырэння «Аульса» адваявалі з цяжкасцю: патрэбна была згода Лукашэнкі на выманне з карыстання ворных земляў.

Зараз на старых могілках магчыма толькі падпахаванне ў магілы родных. Яно дазволена ў выпадку, калі з моманту пахавання ў магілу прайшло больш за 20 гадоў. Гэтае правіла тычыцца і ўсіх іншых гродзенскіх могілак — яны зачыненыя для новых пахаванняў, але магчыма падхоўваць родных.

Могілкі ў Аульсе адчыненыя з 1997 года. Яны заставаліся адзінымі адчыненымі для новых пахаванняў. Плошча «Аульса» — больш за 40 га. Пра тое, што і там заканчваецца месца, было вядома даўно: з 2018 года могілкі хацелі пашыраць у бок суседняй вёскі, Путрышак. Жыхары былі супраць. Акрамя таго, непрыемнасці прыносілі вада з могілак і пясок, якія траплялі да іх у агароды падчас моцных дажджоў. У 2023 годзе для вырашэння гэтай праблемы каля могілак нарэшце вырылі пруд-асушальнік.

Чытайце таксама: Могілкі або крэматорый? Як Гродна будзе хаваць сваіх памерлых