У Гродне пройдуць спаборніцтвы ў фармаце гарадской прыгодніцкай гонкі. У іх злучаныя спорт, экстрым і галаваломкі. Удзельнічаць у адной з трас на выбар можа кожны.

Спаборніцтвы пройдуць 6 ліпеня. Кожную каманду з двух чалавек чакаюць этапы па арыентаванні, веласпорце, вяровачныя этапы, трэба будзе вырашаць галаваломкі і пераадольваць розныя перашкоды. Таксама перад пачаткам гонкі арганізатары могуць аб’явіць і дадаць дадатковыя дысцыпліны. Удзельнікам прапануюцца трасы на выбар, якія для зручнасці пазначаны па колерах:

  • забавы (жоўты)- прыкладна 10-20 км; разліковы час для пераможцаў – 1,5-2,5 гадзін (без веласіпеда);
  • прыгода (сіні) – прыкладна 20-30 км; разліковы час для пераможцаў 2,5-4 гадзіны (неабходны ровар);
  • экстрым (чырвоны) – прыкладна 40-50 км; разліковы час для пераможцаў 4-6 гадзіны (неабходны ровар);
  • сямейная (зялёная) – прыкладна 3-5 км. Гэта траса, дзе ўдзельнікі не спаборнічаюць адзін з адным, а імкнуцца прайсці трасу цалкам. Разліковы час праходжання 1-1,5 гадзіны (без ровара).

Умовы ўдзелу

Удзельнічаць могуць зборныя ад арганізацый, гурткоў, цэнтраў турызму і краязнаўства, каманды ВНУ і спартыўных клубаў, а таксама асобныя спартсмены.

Каманды могуць быць толькі з мужчын, толькі з жанчын і змяшаныя (мужчына і жанчына). Каманды ў класе “Сямейная” не дзеляцца паводле ўзросту і полу. На трасе “Забавы“ каманда павінна складацца з двух чалавек старэйшых за 16 гадоў або аднаго старэйшага за 12 гадоў і аднаго дарослага (18 гадоў і больш). На трасе “Прыгода” ў камандзе павінна быць два чалавекі, старэйшыя за 16 гадоў. На трасе “Экстрым” у камандзе павінна быць два чалавекі, старэйшыя за 18 гадоў.

Старты пачнуцца з 11.00, для розных трас у розны час. У 17.00 – закрыццё фінішу для ўсіх трас.

Для ўдзелу трэба запоўніць заяўку да 30 чэрвеня. Таксама спатрэбіцца здаць арганізацыйны ўзнос у залежнасці ад трасы і даты рэгістрацыі.

Чытайце таксама: