Кава-друкаркі і аўтаматычныя чайныя машыны з’явяцца да канца 2024 года на запраўках «Беларуснафты». Кампанія анансавала некалькі новаўвядзенняў у сваіх сэрвісах. У тым ліку яна плануе адкрываць новыя кава-поінты па-за АЗС.
«Мы хочам дабіцца ваў-эфекту», — расказаў начальнік аддзела грамадскага харчавання цэнтральнага апарата «Беларуснафты» Сяргей Кіралюк.
Кава-друкаркі: сэлфі, карцінкі і лога на пенцы
Навінкай гэтага года стануць кава-друкаркі, якія з’явяцца на некаторых запраўках «Беларуснафты». Іх збіраюцца прывезці з Кітая.
Гэтыя прылады могуць друкаваць выявы на паверхні кававай пенкі, малочных кактэйляў, марожанага і дэсертаў. З дапамогай харчовых фарбаў можна друкаваць фатаграфіі наведвальнікаў ці лагатыпы, ствараючы ўнікальныя і запамінальныя напоі. Фарбы не ўплываюць на смак, яны бяспечныя для здароўя, а выявы могуць быць як каляровымі, так і манахромнымі.
Будзе больш кава-пойнтаў - і не толькі на запраўках
«Беларуснафта» плануе ўстанавіць каля 100 кава-пойнтаў па-за АЗС па ўсёй Беларусі да канца 2024 года. У кожнай новай кропцы будзе прадстаўлены фірмовы блэнд № 1 CoffeeCarte. На запраўках сеткі АЗС можна купіць зерне CoffeeCarte у розніцу: прапануюць пачкі па 250 грам і 1 кілаграм.
З’явяцца чайныя машыны з ліставой гарбатай
«Беларуснафта» плануе купіць для сваіх заправак аўтаматычныя чайныя машыны з Кітая. Машыны вонкава падобныя да кававых, абсталяваны бункерам для ліставой гарбаты і адсекам для вады. Адной кнопкай у такой машыне можна прыгатаваць свежую гарбату пад ціскам.
Плануецца, што можна будзе выбраць з розных гатункаў гарбаты — чорнай, зялёнай і чырвонай, а таксама халодную або травяную гарбату.
Каву для ўсёй Беларусі пражаць у Гродне
«Беларуснафта» пачала займацца пражаннем кавы ў Гродне ў 2024 годзе. Тут на пляцоўцы РУП «Беларуснафта-Гроднааблнафтапрадукт» адкрылі цэх па пражанні зерняў арабікі з Бразіліі, Калумбіі і В’етнама.