У Гродне адкрыецца музычны бар VINYL. Тут будуць уключаць пласцінкі на аўтэнтычным аналагавым абсталяванні. Установа спадабаецца знатакам «якаснай музыкі, вытанчаных кактэйляў і цудоўнай кухні», абяцаюць ўладальнікі. Бар стане яшчэ адным пунктам на вул. Маставой, 31.
— VINYL натхнёны сусветнай музычнай культурай. Тут кожны зможа пагрузіцца ў свет гуказапісу і адкрыць для сябе музычныя жамчужыны, слухаючы пласцінкі на аўтэнтычным аналагавым абсталяванні, — распавядаюць у сацсетках.
Кактэйльнае меню дазволіць «паспрабаваць музыку на смак»
Ва ўстанове будуць аўтарскія кактэйлі. Кожны з іх будзе адлюстраваннем пэўнага жанру або эпохі ў музыцы. Гэта называюць «пакаштаваць музыку». «Створаныя спецыяльна для бара аўтарскія кактэйлі прапануюць унікальны вопыт, спалучаючы ў сабе смакавыя ноткі музычных тэм і мелодый».
У бары будзе паўнавартасная кухня — ад класічных закусак да «вытанчаных гастранамічных шэдэўраў». Стравы таксама натхнёныя музычнымі тэмамі.
Сцены бара VINYL упрыгожаць вінілам
У месцы хочуць стварыць атмасферу «вінтажнага шарму і сучасных вібрацый». Рэтра-лямпы будуць даваць мяккае святло і ствараць інтымную абстаноўку. Сцены бара ўпрыгожаць пласцінамі розных эпох. У інтэр'еры пагулялі з тэкстурамі за кошт розных матэрыялаў — дрэва дуба, іржавага і паліраванага металу.
Ва ўстанову шукаюць кухараў, бармэнаў і афіцыянтаў. Для гэтага патрэбен вопыт і «запал да кулінарыі, міксалогіі (навука аб стварэнні кактэйляў) і абслугоўванню гасцей». Абяцаюць канкурэнтную зарплату і бонусы, магчымасць праявіць сябе і вырасці ў кар’еры.
Верагодна, бар VINYL адкрывае гродзенец Аляксандр Аўдзевіч, які выступае пад псеўданімам DJ Ramm. Ён таксама развівае Machine Lab — супольнасць і аднайменную серыю вечарынак. Грае ў ліку іншага ў гродзенскім бары «СОН». Займаецца techno, acid, electro.
Чытайце таксама: У Гродне зноў адкрываецца рэстаран на даху: цяпер там будзе паназіяцкая кухня