У гістарычным цэнтры Гродна на беразе Нёмана адкрываюць гасцявы комплекс «РиверХолл». Комплекс уключае буцік-гатэль, дамы і кафэ. Абяцаюць сумясціць камфорт горада, зацішак і гісторыю.
«Тут гарманічна спалучаецца камфорт гарадскога адпачынку, адасобленая атмасфера сярод маляўнічых пейзажаў і памяць гісторыі. Мы стварылі месца, якога так не хапала!" — пішуць уладальнікі.
На тэрыторыі комплексу размешчаны:
- буцік-гатэль,
- два модульных дома,
- кафэ з адкрытай і зашклёнай тэрасамі,
- шацёр,
- лужок з пасадкавымі месцамі.
Там можна будзе праводзіць мерапрыемствы на 100 гасцей.
У траўні ў сацсетках уладальнікі паведамілі аб хуткім адкрыцці.
The River Hall знаходзіцца на Падольнай, адной з найстарэйшых вуліц у Гродне. Да пачатку 20 стагоддзя вуліца была забудавана драўлянымі дамамі. Пасля будаўніцтва чыгуначнага моста новы ўладальнік узвёў тут каменны двухпавярховы дом. Гэта і ёсць той будынак, які быў абраны для рэканструкцыі пад буцік-гатэль, распавядаюць уладальнік. Падчас Другой сусветнай вайны да моста прыставілі ваенізаваную ахову, якая размяшчалася ў тым самым будынку да 2012 года.
У цэлым, набярэжную ў Гродне абяцаюць добраўпарадкаваць да 2028 года як своеасаблівы «падарунак» да 900-годдзя горада. Пакуль там можна толькі прагуляцца, але не праводзіць час — няма лавак, няма грамадскіх прыбіральняў, кропак грамадскага харчавання, спуску да ракі. Часткова яе ўладкуюць у рамках рэканструкцыі піўзавода.