Гранд-бістро NEBO хутка адкрыецца ў Гродне. Рэстаран будзе спецыялізавацца на паназіяцкай кухні. Ён будзе знаходзіцца на даху будынка, з якога відаць горад. Абяцаюць тэматычныя вечары, майстар-класы і фуршэты.
«Адкрыццё па-сапраўднаму сучаснага, паназіяцкага рэстарана ў самым сэрцы горада ~ з відам на надзвычайны горад Гродна ўжо блізка!» — напісалі ў профілі ў Instagram. Дакладную дату не паведамляюць, але 6 чэрвеня яе называлі як «вельмі хутка».
Чытайце таксама пра кафэ Nebo: Уваход на аглядную пляцоўку на Савецкай стаў платным. Выключэнне ёсць, але гродзенцы ім не задаволены
У меню збяруць «усе традыцыі і якасці краін Азіі»
У меню будзе кухня Тайланда, Японіі, Кітая. Ад кожнай краіны будуць свае стравы — абяцаюць сушы, кактэйлі, багацце спецый і гарбаты. «Менавіта гэта і значыць паназіяцкая кухня, дзе сабраны ўсе традыцыі і якасці ўсіх краін Азіі», — пішуць уладальнікі.
Меню яшчэ не апублікавалі. Некаторыя пазіцыі паказалі - напрыклад, мус з авакада з начыннем з вэнджанай крэветкі, салодкіх таматаў чэры, ікрой тобіка і салодка-вострым соусам. Таксама можна разглядзець сушы, закускі, канапэ і рулеты. Вядома, што запланаваны аўтарскі бар і аўтарскае меню ад шэф-кухара. Ва ўстанове таксама будзе адкрытая кухня — можна будзе сачыць за падрыхтоўкай страў.
Былых арандатараў прасілі зрабіць больш месцаў
Стыль рэстарана апісваюць як ненавязлівы. Палічыць пасадкавыя месцы складана — але іх як мінімум 40 пад навесам. Таксама ёсць месцы ля бара. Павялічыць колькасць столікаў, дарэчы, прасілі былых арандатараў месцы.
Установа будзе размяшчацца на даху «ЦУМа» (былы ўнівермаг «Нёман»), на месцы закрытага лаундж-кафэ «Крыша мира». Назіральная пляцоўка ўсё яшчэ працуе.
Ва ўстанову шукаюць супрацоўнікаў - бармэнаў, афіцыянтаў, кухараў. Абавязковыя стрэсаўстойлівасць і жаданне развівацца. Уладальнікі правядуць навучанне. Абяцаюць «годны» заробак і зручны графік працы.