Кавярня Mood рыхтуецца да адкрыцця на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў, 17. Яна размяшчаецца ў міжваеннай камяніцы, якая захавалася сярод прыватнага сектара недалёка ад абласной філармоніі.
Дата адкрыцця кавярні пакуль невядомая. Уладальнікі займаюцца стварэннем «унікальнага і ўтульнага месца» — пішуць яны на старонцы кавярні ў Instagram.
Выглядае на тое, што ў кавярні будзе адно не вельмі вялікае памяшканне. Частка сцен не атынкаваныя і можна ўбачыць адкрытую цэглу. Ёсць вялікія люстэркі, а таксама высокія сталы і барныя крэслы. Сталешніцы глянцавыя, зробленыя пад мармур белага або чорнага колеру. Таксама кавярня ўпрыгожана цікавымі лямпамі і вялікай жырандоллю. У будынка ёсць невялікі задні дворык з тэрасай, куды, як вынікае з пастоў і сторы, змогуць выйсці наведнікі кавярні.
У гэтай частцы горада адчуваецца недахоп кавярняў. Бліжэйшы і адзіны канкурэнт Mood — кавярня «Наше место» на Дарвіна. Раён плошчы Савецкіх Пагранічнікаў і пачатку аднайменнай вуліцы зараз выглядае закінутым, але можа ажывіцца, калі скончыцца рэканструкцыя басейна «Лазурны».
Будынку амаль 100 гадоў
Кавярня размяшчаецца ў цагляным двухпавярховым будынку недалёка ад былога басейна «Лазурны».
Камяніцу пабудавалі ў стылі позняй эклектыкі з элементамі канструктывізму ў 1931 годзе, пісаў канал Urban Hrodna. Падчас рэканструкцыі пабудовы захавалі надпіс «A 1931 S», які быў на карнізе. Агароджу балконаў і ганка зрабілі на ўзор той, што была. Паміж паверхамі з’явіўся карніз, вокны павялічылі і падкрэслілі цёмнай апраўкай, дадалі дэкаратыўныя агароджы, дабудавалі мансарду. На галоўным фасадзе дабудавалі ганак з пандусам і агароджай. На дваравым — зрабілі задні выхад з невялічкай тэрасай.
Чытайце таксама: У будынку 1930-х у Гродне зрабілі дызайнерскі рамонт і прадаюць пад офісы за амаль $ 500 тыс.