У траўні 2024 года больш за ўсё ў Гродзенскай вобласці змяніліся цэны на фрукты. Яны выраслі на 6% у параўнанні з красавіком, паведаміла Галоўнае статыстычнае ўпраўленне Гродзенскай вобласці.
На другім месцы па росце цэнаў — паслугі чыгуначнага транспарту. За месяц цана вырасла на 5,1%. Адзінымі пазіцыямі, цэны на якія знізіліся, сталі гародніна на 5,2%, і абутак на 0,8%.
Сярод харчовых тавараў найбольш выраслі цэны на фрукты — 6%, кандытарскія вырабы — 1,7%, а таксама курыныя яйкі — 0,5%. Сінтэтычныя мыйныя сродкі падаражэлі на 3,9%, аўтамабільны бензін — на 0,9%, будаўнічыя матэрыялы — на 0,3%.
За тры месяцы сітуацыя змянілася
Калі ў траўні 2024 больш за ўсё выраслі цэны на фрукты, то ў лютым, у параўнанні са студзенем, больш за ўсё змяніліся цэны на турыстычныя паслугі. Тады ж цэны знізіліся толькі ў сферы чыгуначнага транспарту на 2,4%, зараз на гэтыя паслугі цэны выраслі на 5,1%.
Цэны на паслугі ў сферы турызму выраслі на 4,6%. Тры месяцы таму, рост быў большы, тады цэны выраслі на 13,7%.
За год інфляцыя ў сферы паслуг склала больш чым 6%
За перыяд з траўня 2023 па травень 2024 года цэны ў Гродзенскай вобласці змяніліся:
- на харчовыя тавары выраслі на 5,4%;
- на нехарчовыя тавары выраслі на 3,7%;
- у сферы паслуг выраслі на 6,7%.
Чытайце таксама: «Ездзяць, але не афішуюць». Што адбываецца з турызмам у Гродзенскай вобласці?