820 удзельнікаў усіх узростаў і сярод іх адзін «алень святога Губерта» прабягуць па цэнтральных вуліцах Гродна. Традыцыйны забег «Гарадзенская вандроўка» стартуе 16 чэрвеня на вуліцы Ажэшкі. Месцы на яго разабралі за пару тыдняў да старту, піша канал «Туси в Гродно».
Гэта ўжо сёмая «Гарадзенская вандроўка». Традыцыйна ў забегу дзве дыстанцыі: 5 і 10 км. Старт — на вуліцы Ажэшкі, фініш — на стадыёне «Нёман».
Ёсць у праграме і дзіцячыя забегі на 400, 200, 100 і 60 метраў. Яны пройдуць на стадыёне «Нёман».
У мінулым годзе дыстанцыю 5 км прабегла 170 чалавек, 10 км — 316 чалавек. У гэтым годзе на дарослыя дыстанцыі запісалася 700 чалавек, на дзіцячыя — 120. Рэгістрацыю прыйшлося закрыць яшчэ ў траўні з-за таго, што скончыліся свабодныя месцы.
Пераможцаў вызначаць у агульным заліку і ў асобных узроставых катэгорыях. Медаль за ўдзел атрымае кожны, хто прабяжыць усю дыстанцыю. Кожны год дызайн медаля новы. У папярэднія гады на ім былі Каложская царква, Новы замак і Давыд Гарадзенскі. У гэтым годзе — Стэфан Баторый.
Як перакрыюць вуліцы на час «Гарадзенскай вандроўкі»
На час забегу на вуліцах, па якіх праходзіць траса, перакрыюць рух. З 9.00 да 11.30 будзе абмежаваны рух па пешаходнай і праезнай частцы па вуліцах: Ажэшкі, Будзёнага, Свярдлова, Кірава, Сацыялістычнай, Парыжскай Камуны, Давыда Гарадзенскага, Вялікай Траецкай, Віленскай, Горкага, Кастрычніцкай, Маркса, Лермантава, завулку Віленскім. Магчымы затрымкі ў руху грамадскага транспарту, паведаміў Аўтобусны парк Гродна.
Траса «Гарадзенскай вандроўкі» на 5 км
вул. Ажэшкі (каля д.15) — вул. Ажэшкі — вул. Будзёнага — вул. Кірава — вул. Сацыялістычная — вул. Ажэшкі — вул. Савецкая — вул. Кастрычніцкая — вул. Вялікая Траецкая — вул. Віленская — зав. Віленскі - вул. Горкага — цэнтральны ўваход ЦСК «Нёман» — ЦСК «Нёман» (фініш).
Траса «Гарадзенскай вандроўкі» на 10 км
вул. Ажэшкі (каля д. 15) — вул. Ажэшкі — вул. Будзёнага — вул. Кірава — вул. Сацыялістычная — вул. Ажэшкі — вул. Савецкая — вул. Кастрычніцкая — вул. Стэфана Баторыя — вул. Маркса — вул. Будзённага — вул. Свярдлова — вул. Сацыялістычная — вул. Парыжскай Камуны — вул. Маставая — вул. Падгорная — вул. Падольная — вул. Маставая — вул. Заводская — вул. Спартыўная — вул. Праванабярэжная — вул. Старазамкавая — вул. Давыда Гарадзенскага — вул. Вялікая Траецкая — вул. Віленская — завулак Віленскі — вул. Горкага — цэнтральны ўваход ЦСК «Нёман» — ЦСК «Нёман (фініш).
Дыстанцыю прабяжыць «алень Губерта»
У масавых забегах ва ўсім свеце папулярныя касцюмы. «Пяцёркі» і «дзясяткі» часта бягуць удзельнікі ў касцюмах супергерояў, персанажаў кіно і камп’ютарных гульняў, касцюмах розных эпох.
Як мінімум адзін касцюміраваны бягун будзе і на «Гарадзенскай вандроўцы». З сацсетак стала вядома, што касцюм аленя святога Губерта рыхтуе гродзенка Тая Крыжаноўская. Выява кананічная — з крыжом паміж рагамі.
На мінулых забегах таксама можна было сустрэць касцюміраваных бегуноў. Напрыклад, гэтага хлопца ў касцюме наезніка дыназаўра.
Не толькі прабегчы, але і даведацца пра гісторыю Гродна
У праграме спаборніцтваў акрамя ўласна забегу запланаваны і экскурсіі па гістарычным цэнтры Гродна. Яны пройдуць за дзень да забегу і будуць пачынацца ў 16.00, 17.00 і 18.00 — у кожную гадзіну ад Дома-музея Элізы Ажэшкі адпраўляцца будуць па дзве групы. Апошняя экскурсія для адной з груп пройдзе на беларускай мове.