Супрацоўнікі аддзела размяшчэння вонкавай рэкламы Праектнага архітэктурна-планіровачнага бюро абследавалі фасады будынкаў у Гродне. На іх шукалі недазволеную рэкламу. На вул. Дамініканскай знайшлі адразу дзве фірмы-парушальніка.
Па выніках «абследавання» 21 траўня ў судзе Ленінскага раёна Гродна аштрафавалі дзве фірмы. Мяркуючы па ўсім, гэта ТАА «Заасфера» (аднайменны заамагазін) і ПГУП «БэнВестыто» (крама «Калінка»). Разбіралі справу паводле ч. 1 арт. 13.9 КаАП «Парушэнне заканадаўства аб рэкламе».
«Заасферу» судзілі за светлавую шыльду, рэкламнае афармленне вітрыны і дзве рэкламы на сцяне. «"БэнВестыто» — за светлавую шыльду і афармленне на вітрыне. Рэкламу абедзве фірмы размясцілі без дазволу мясцовых уладаў. Іх аштрафавалі на 20 базавых велічынь (800 рублёў). Гэта мінімальная «стаўка» для юрыдычныя асобы.
Суды пачасціліся
У красавіку за незаконнае размяшчэнне вонкавай рэкламы аштрафавалі «ДэмсаГруп» — уладальніка ўстаноў «Поляна City» і «Pablo Restobar» на вуліцы Савецкай.
Яшчэ як мінімум два суды паводле ч. 1 арт.13.9 КаАП прайшлі ў Гродне і Лідзе — пастановы пакуль невядомыя.