Латвійская фармкампанія Olainfarm вырашыла пакінуць Беларусь. Кампанія плануе цалкам замяніць Расію і Беларусь рынкам на Захадзе. Olainfarm належыць гродзенскае прадпрыемства “Біятэст” – вытворца лекаў і біядабавак, “Гарадзенскай гарбаты”, уладальнік сеткі аптэк, у тым ліку адзінай у Беларусі аптэкі-музея ў цэнтры Гродна.
Аб рашэнні Olainfarm сысці піша Dienas Bizness са спасылкай на словы старшыні рады кампаніі Яніса Букса для “Латвійскага радыё”. Кампанія даўно працуе на рынках у Расіі і Беларусі, але зараз распрацоўваецца новы партфель лекаў, з якімі можна будзе перайсці на заходні рынак. Стварэнне такога партфеля лекаў займае не менш за чатыры-шэсць гадоў.
Olainfarm мае намер цалкам адысці ад краін, якія ўдзельнічаюць у вайне супраць Украіны наўпрост або ўскосна. Абарот канцэрна Olainfarm у 2022 годзе быў € 120,249 млн, прыбытак – € 21,161 млн.
Кампанія займаецца вытворчасцю гатовых лекаў, фармацэўтычных прэпаратаў і харчовых дабавак,
а таксама хімічных рэчываў і актыўных фармацэўтычных інгрэдыентаў з 1991 года. У Беларусі прадаюць вырабленыя Olainfarm прэпарат ад алергіі “Фенкарол”, “Фурасол” ад захворванняў горла, безрэцэптурныя супрацьтрывожныя “Адаптол” і “Ноафен”.
Чым цікавы “Біятэст”
Гродзенская “Біятэст” – адна з першых прыватных фармацэўтычных кампаній Рэспублікі Беларусь. Прадпрыемства стварыла ў 1990 годзе група супрацоўнікаў Інстытута біяхіміі НАН. Цяпер у асартыменце прадукцыі – больш за 65 лекавых сродкаў, 24 віды біялагічна актыўных дабавак і 30 найменняў чайных напояў, у тым ліку сувенірны прадукт “Гарадзенскі гарбат” і гарбата для Цэнтральнага батанічнага саду. Таксама кампанія валодае сеткай аптэк. У 1996 годзе ў адзіным захаваным у Беларусі аптэчным будынку XVII стагоддзя “Біятэст” адкрыў аптэку-музей – дзейную аптэку з музейнай экспазіцыяй, прысвечанай гісторыі аптэчнай справы ў Беларусі.

Olainfarm запусціў на “Біятэст” новую вытворчасць
У 2016 годзе Olainfarm купіла 24% гродзенскай кампаніі НВК “Біятэст” і запусцілі пад Гродна новую вытворчасць. Мэтай было абараніць пазіцыі групы Olainfarm у СНД і асабліва ў краінах Еўразійскага эканамічнага саюза. Некаторыя апошнія этапы вытворчасці збіраліся перанесці на тэрыторыю Еўразійскай саюза.
У 2018 годзе кампанія дала справаздачу, што ў беларускім сектары справы ідуць добра: аб’ём продажаў за тры гады павялічыўся ўдвая, асабліва пасля набыцця мясцовага вытворцы і пераадолення некаторых пратэкцыянісцкіх перашкод. “У бліжэйшыя некалькі гадоў таксама чакаецца добры рост”, – гаварылася тады ў справаздачы. Паступова доля ўласнасці Olainfarm у “Біятэст” вырасла да 100%.
Чытайце таксама:


