Гродзенская гарадская жыллёва-камунальная гаспадарка хоча стварыць інтэрактыўную вэб-карту раскопак на тэрыторыі Гродна. Сярод іншага, гэта дапаможа розным службам не раскопваць двойчы адну траншэю з розных нагодаў і спарадкаваць земляныя працы ў горадзе.
Гродзенская гарадская жыллёва-камунальная гаспадарка шукае распрацоўніка для інтэрактыўнай карты правядзення раскопак на тэрыторыі Гродна. На распрацоўку адводзяць тры месяцы, працы трэба пачаць у чэрвені. За стварэнне карты гатовы заплаціць каля 40 тыс. руб. Сродкі возьмуць з гарадскога бюджэту, піша канал Urban Hrodna са спасылкай на дзяржзакупку.
Для чаго ствараюць карту
Асноўная мэта карты — спрасціць доступ замоўцаў будаўнічай дзейнасці (цепла-, электра-, вода-, газазабеспячэнне, капрамонт, добраўпарадкаванне, новае будаўніцтва, транспарт, сувязь) да інфармацыі аб планаваных іншымі замоўцамі раскопках і тух, што ўжо праводзяць у горадзе.
Гэта дазволіць:
- вызначаць канфліктныя сітуацыі пры планаванні раскопак рознымі замоўцамі на адной тэрыторыі;
- зменшыць колькасць паўторных раскопак;
- павысіць якасць планавання прац.
Таксама з дапамогай карты можна будзе ацэньваць аб’ём выкананых прац пасля заканчэння справаздачнага года.
Функцыянал карты
Карта будзе рэалізавана ў выглядзе інтэрактыўнага вэб-сайта на аснове OpenStreetMap з мабільнай версіяй і магчымасцю вызначэння геалакацыі.
На ёй будуць адлюстроўвацца:
- палігоны і маркеры тэрыторый раскопак, класіфікаваныя па тыпах прац з дапамогай розных колераў;
- пласты для ўключэння/адключэння адлюстравання розных тыпаў аб’ектаў;
- дата пачатку і заканчэння прац;
- канфліктныя тэрыторыі як асобны пласт.
Карыстальнікі змогуць шукаць аб’екты па назве, фільтраваць па арганізацыі, раёне, перыяду работ, статусу. Для кожнага аб’екта будзе даступная падрабязная інфармацыя.
Для супрацоўнікаў ЖКГ будуць даступны тэхнічныя характарыстыкі аб’ектаў. Яны таксама змогуць вырашаць канфліктныя сітуацыі і фармаваць справаздачы. Жыхарам Гродна будзе даступна толькі абмежаваная версія карты, без характарыстык аб’ектаў.
Чытайце таксама: