Гродзенка працавала вядучым эканамістам у адным з закрытых акцыянерных таварыстваў. У яе ёсць малалетняя дачка, якую яна выхоўвае адна. У 2021 эканаміст перанесла каранавірус у цяжкай форме. Яе здароўе пагоршылася. Прыкладна два-чатыры разы на год яна сыходзіла на бальнічны. Яна сказала, што гэта не падабалася працадаўцу. Пасля чарговай бальніцы бакі дамовіліся аб звальненні. А пазней гродзенцы паставілі цяжкі дыягназ — і яна захацела вярнуцца на працу.
У студзені і лютым 2024 года эканаміст зноў трапіла ў бальніцу. З яе слоў, праз чарговы бальнічны начальнік прымусіў яе напісаць заяву аб звальненні паводле пагаднення бакоў. Пад ягоным ціскам і праз хваробу яна напісала заяву, сцвярджае жанчына.
У сакавіку эканамісту паставілі дыягназ, пры якім яна не можа хадзіць без дапамогі спецыяльнага абсталявання. Косткі яе шкілета паступова руйнуюцца. Жанчына перажывала. Яна лічыць, што знайсці новую працу ёй будзе складана. Таму яна вырашыла адклікаць заяву аб звальненні. Дакумент зарэгістравалі, але адказу не было.
Пазней на яе банкаўскую карту прыйшлі грошы. Па тэлефоне ёй сказалі, што яе звольнілі і гэта разлік. З загадам аб звальненні эканаміста не азнаёмілі, працоўную кніжку не аддалі. Гэта зрабілі пазней, калі яна прыйшла, каб перадаць бальнічны ліст для яго аплаты.
Эканаміст мяркуе, што яе звольнілі незаконна — таму што яна спачатку адклікала заяву, а толькі потым яе азнаёмілі з загадам аб звальненні. Начальнік ведаў пра яе жаданне вярнуцца.
Таму жанчына падала ў суд заяву аб аднаўленні на працы, спагнанні сярэдняга заробку за час вымушанага прагулу і кампенсацыі маральнай шкоды. Яна хоча 2870,29 рублёў за 31 дзень «прагулу» і 2000 рублёў за маральную шкоду.
Эканаміст сцвярджае, што раптоўная страта працы падчас хваробы выклікала ў яе дэпрэсію і апатыю, страх за дачку. «Пагоршыўся стан здароўя, часта сталі турбаваць моцныя галаўныя болі, пастаянна адчувалася стомленасць, не магла заснуць па начах. З’яўлялася жаданне схавацца ад усіх, закрыцца ў сабе», — пералічвала яна ў судзе.
Працадаўца іск не прызнаў. Іх прадстаўнік распавяла, што яны добраахвотна дамовіліся аб канкрэтнай даце звальнення. Таму пазней кіраўнік адмовіў у адкліканні заявы аб звальненні. Пракурор таксама не знайшоў прычын для задавальнення іску. Суд Кастрычніцкага раёна Гродна 10 траўня пагадзіўся з імі — і не стаў яго задавальняць.
Гродзенскі абласны суд прызнаў Ежы Грыгенчу вінаватым паводле чатырох крымінальных артыкулаў. Яму прызначылі шэсць гадоў…
Блогер з Гродна Аляксей Саўко з ростам у 136 см апублікаваў фота ў футболцы “Команда…
Экран вышынёй 7 метраў з’явіўся на фасадзе гандлёва-забаўляльнага цэнтра Triniti на праспекце Янкі Купалы. Гэта…
Гродзенская вобласць страціла лідарскую пазіцыю па колькасці арганізаваных турыстаў. Цяпер сярод найбольш папулярных напрамкаў —…
Аперацыя праводзіцца на тэрыторыі Гродна і Гродзенскага раёна ў рамках камандна-штабных вучэнняў сілавікоў. На час…
Байкеры выявілі ў Пышках дрот, нацягнуты на ўзроўні шыі. Відэа яны размясцілі ў TikTok. "Вось…