Былога палітвязня з Гродна Андрэя Сцепаненку аштрафавалі. У Гродне супрацоўнікі ІСН зацікавіліся 17-гадовым студэнтам. Супраць двух гродзенак пачалі спецвытворчасць – будуць судзіць журналістку і жонку палітвязня. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 27 траўня па 2 чэрвеня.

Суды за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў

Аб дзевяці судовых рашэннях за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў стала вядома на мінулым тыдні. Суды прайшлі ў Лідзе, Гродне і Навагрудку. Судзілі дырэктара, праграмістаў, шматдзетную маці ў дэкрэце.

Instagram-акаўнт актывісткі Каці Румянцавай прызналі экстрэмісцкім

Суд Лідскага раёна 22 траўня прызнаў экстрэмісцкай інфармацыяй Instagram-акаўнт “kaciaberlin”. Дзяўчына выступае супраць вайны ва Украіне і падтрымліваюць Грузію. Размяшчае фота з БЧБ-сцягам, паведамляе Telegram-канал “Право имеют”.

Каця Румянцава.
Каця Румянцава. Фота: Instagram дзяўчыны

Былога палітвязня з Гродна Андрэя Сцепаненку аштрафавалі

Вядома, што Сцепаненку затрымалі на трое сутак і аштрафавалі на 30 базавых велічынь (1200 рублёў) без канфіскацыі тэлефона. Звычайна такі штраф даюць за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, паведамляе Telegram-канал “Право имеют”.

Андрэй вызваліўся амаль год таму.

Андрэй Сцепаненка. Фота: сацсеткі героя
Андрэй Сцепаненка. Фота: сацсеткі героя

Супраць двух гродзенак пачалі спецвытворчасць

Гаспадыню сувенірнай крамы “Адметнасць” Вольгу Верамеенка і журналістку, жонку палітвязня Паўла Мажэйку Ірыну Чарняўка абвінавачваюць па артж 361-4 ч. 1 і 2 – за садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці.

Абвінавачаныя некалькі гадоў таму з’ехалі з Беларусі і жывуць у Польшчы. У пасце з абвінавачваннямі сілавікі прапануюць гродзенкам прыйсці ў Следчы камітэт.

Паўла Лукашэвіча асудзілі на чатыры гады калоніі

27 траўня жыхара Ліды Паўла Лукашэвіча прысудзілі да чатырох гадоў пазбаўлення волі і 22 000 рублёў штрафу (550 базавых велічынь). Павел будзе падаваць апеляцыю, паведамляе Telegram-канал “Задержания, суды в Лиде”.

Яго судзілі за абразы і ўдзел у экстрэмісцкім фарміраванні. Паўла Лукашэвіча 27 траўня прызналі палітзняволеным.

Павел Лукашэвіч. Фота: скрыншот Hrodna.life
Павел Лукашэвіч. Фота: скрыншот Hrodna.life

Новыя “экстрэмісты”

Станеўская Аксана Васільеўна і Станеўскі Арцём Антонавіч з Гродна, Баркет Віктар Васільевіч з Ваўкавыска 31 траўня папоўнілі спіс “экстрэмістаў”.

У Гродне супрацоўнікі ІСН зацікавіліся 17-гадовым студэнтам

Са студэнтам Гродзенскага электратэхнічнага каледжа ім. Шчаснага запісалі “пакаяльнае відэа”. Ім зацікавіліся супрацоўнікі інспекцыі па справах непаўналетніх.

Хлопец на відэа кажа, што зрабіў БЧБ-нашыўку. Таксама ён пакідаў каментары ў “экстрэмісцкіх” чатах – тады яму было 13 гадоў.

У Лідзе за падпіскі арыштавалі дырэктара фірмы

Дырэктар таварыства з дадатковай адказнасцю «ІмпульсПрофі» Аляксандр Барматаў распаўсюджваў у Instagram прадукцыю «Лида для жизни». Яго арыштавалі на 15 сутак і канфіскавалі яго iPhone 7

Зніклыя ў Гродне «палітычныя» іконы не вернуць? Замест іх з’явіліся іншыя

На месцы прыбраных з Пакроўскай катэдры ў Гродна «палітычных» ікон новапакутнікаў з’явіліся новыя. На іх тыя ж новапакутнікі, але ўжо без выявы чырвонаармейцаў, якія іх забіваюць.

"Абноўленыя" абразы ў Свята-Пакроўскім кафедральным саборы
“Абноўленыя” абразы ў Свята-Пакроўскім кафедральным саборы. Крыніца: “Хрысціянская візія”

Міліцыянт-правакатар, праз якога пасадзілі Ціханоўскага, дагэтуль адсуджвае кампенсацыі. Як склалася яго жыццё?

Міліцыянт Уладзімір Казлоўскі, які ўдзельнічаў у правакацыі супраць Сяргея Ціханоўскага ў 2020 годзе, падаў пазоў у суд для «кампенсацыі маральнай шкоды па справах гонару і годнасці». Падсудны — мінчук Міхаіл Тарасевіч, ужо асуджаны на шэсць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Милиционер Владимир Козловский 29 мая 2020 года в Гродно. Фото: Руслан Кулевич
Міліцыянт Уладзімір Казлоўскі 29 траўня 2020 года ў Гродне. Фота: Руслан Кулевіч

Памерла маці загінулага палітвязня Вітольда Ашурка

Алена Міронаўна Ашурак, маці загінулага ў калоніі палітвязня Вітольда Ашурка, памерла 27 траўня. Яна перажыла сына на тры гады. У апошнія гады здароўе Алены Ашурак пагоршыўся. Ёй было цяжка хадзіць, у тым ліку наведваць магілу сына ў Бярозаўцы. Яна памерла ва ўзросце 86 гадоў.

Алена Ашурак на пахаванні сына Вітольда Ашурка
Алена Ашурак і брат Вітольда Андрэй на пахаванні Вітольда Ашурка. Фота: “Радыё Свабода”

У Гродне затрымалі гукарэжысёра і дыджэя Аляксея Давідоўскага

Гродзенца выцягнулі з машыны на стаянцы каля рэстарана «Бакст» і завезлі ў абласное аддзяленне ГУБАЗіК. Пра затрыманне паведаміў праваабарончы канал «Право имеют» са спасылкай на канал гродзенскіх сілавікоў.

Затрыманне дыджэя Аляксея Давідоўскага ў Гродне. Скрыншот з відэа з канала гарадзенскіх сілавікоў
Затрыманне дыджэя Аляксея Давідоўскага ў Гродне. Скрыншот з відэа з канала гарадзенскіх сілавікоў