"Абноўленыя" абразы ў Свята-Пакроўскім кафедральным саборы. Крыніца: "Хрысціянская візія"
На месцы прыбраных з Пакроўскай катэдры ў Гродна «палітычных» ікон новапакутнікаў з’явіліся новыя. На іх тыя ж новапакутнікі, але ўжо без выявы чырвонаармейцаў, якія іх забіваюць.
На новых абразах таксама намаляваныя пакутнікі мітрапаліт Кіеўскі Уладзімір (закатаваны ў 1918 годзе) і мітрапаліт Петраградскі Веніямін (расстраляны ў 1922 годзе), але ў выглядзе партрэтаў анфас, звярнуў увага канал «Хрысціянская візія». Абяцаныя працы ў саборы, дзеля якіх, нібыта, прыбралі іконы, пры гэтым так і не былі пачатыя.
«Партрэты мітрапалітаў — адзін у мітры і ў акулярах, іншы ў клабуку і без акуляраў — нічога не скажуць наведвальнікам сабора. Яны не задаюць гістарычны кантэкст подзвігу новапакутнікаў і не сведчаць аб мужнасці быць хрысціянінам ва ўмовах, калі тэрор з’яўляецца дзяржаўнай палітыкай», — адзначаюць аўтары канала.
Два з васьмі абразоў новапакутнікаў у Свята-Пакроўскім саборы ў Гродне зніклі восенню 2023 года. Іконы ўтрымлівалі «непрымальныя ў такім богаўгодным месцы сцэны гвалту і варожасці», напісалі тады ў звязаным з аблвыканкамам Telegram-канале «Гродна Медыя Group». У самім саборы знікненне ікон тады растлумачылі рамонтна-аднаўленчымі парцамі: «У сувязі з гэтым іконы і іншае царкоўнае начынне перамяшчаецца па храмавым комплексе па меры неабходнасці. Падобныя працы праводзіліся ў саборы з 2006 года і не выклікалі ніякіх здзіўленняў і пытанняў». Лёс зніклых ікон у выніку невядомы.
Іконы новапакутнікаў з’явіліся ў Гродне ў 2006 годзе, калі скончылася вялікая рэстаўрацыя кафедральнага сабора, і паказвалі, як савецкія сілавікі - чырвонаармейцы, афіцэры і чэкісты — забівалі праваслаўных дзеячаў. Пры гэтым вядома, што «гродзенскія абразы» — спісы з клеймаў цалкам афіцыйнай іконы «Сабор новапакутнікаў і вызнаўцаў Расійскіх, за Хрыста пацярпелых, яўленых і няяўленых» з Храма Хрыста Збавіцеля ў Маскве. Супрацоўнікі КДБ (былога НКУС) яшчэ ў 2006 годзе былі незадаволеныя іх з’яўленнем, бо гэта «шкодзіла іх рэпутацыі», але нягледзячы на гэта іконы асвяцілі. Час ад часу пра іх успаміналі прадстаўнікі сілавікоў, а апошнія гады ў барацьбу ўключылася праўладная і прарасійская актывістка Вольга Бондарава.
Гатэль «Кронон Парк Гатэль», размешчаны ў лесапарку Пышкі ў Гродне, атрымаў прэмію Travel Time Awards…
У 2024 годзе бацькоўскіх правоў у Беларусі былі пазбаўлены бацькі 3 955 дзяцей. Гэта найбольшая колькасць…
Жыхар Гродна набіў на шчыкалатцы татуіроўку з выявай расійскага рэпера Пашы Тэхніка і подпісам “Досвидания”.…
На сёмым паверсе дома па вуліцы Ліможа, 48Б выстаўлена на продаж трохпакаёвая кватэра плошчай 74,8…
У Гродне рыхтуюцца да святкавання 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Мерапрыемствы аб'яднаюць пад канцэпцыяй…
З 5 красавіка ў Гродне талоны на праезд у гарадскім грамадскім транспарце даражэюць на 10…