Рэканструкцыя пешаходнага маста над ярам на Фамічова абыдзецца гораду ў 5 190 954 руб. ($ 1,6 млн). Яго цалкам разбяруць і пабудуюць новы за сем месяцаў. Над новым мастом будзе навес.
Працы плануюць пачаць у чэрвені 2024 і скончыць да 20 студзеня 2025 года, піша канал Urban Hrodna са спасылкай на дзяржзакупку. Яшчэ месяц спатрэбіцца для прыёмкі аб’екта. Для будаўніцтва новага выкарыстаюць старое збудаванне, потым яго разбяруць. Падмуркі існуючага моста захаваюць, бо яны размешчаны ў межах асабліва ахоўных тэрыторый.
Новы мост будзе з навесам
Даўжыня новага збудавання складзе 74,1 м, шырыня — 3 м. Парэнчы моста будуць 1,3 м вышынёй, на падыходах да яго — 0,9 м. Мост будуць падтрымліваць дзве апоры. Над адной з іх зробяць дэфармацыйнае шво. Уладкуюць таксама лесвіцы, пандусы, пешаходныя дарожкі ад вуліцы Фамічова да віядука. На самім мосце і на яго спалучэннях з падыходамі будзе падстрэшак з ацынкаванага металу, сумешчаны з парэнчамі. Прахожую частку забрукуюць пліткай. Мост будзе асветлены ўдаратрывалымі святлодыёднымі свяцільнямі, усталяванымі на металаканструкцыях навеса. Асвятленне будзе і на падыходах да моста.
Праектам прадугледжана высечка трох дрэваў. Для кампенсацыі высадзяць шэсць хваёвых дрэваў у месцах, прызначаных для кампенсацыйных пасадак у 2024 годзе.
Мост закрыты з пачатку 2022 года
Мост праз яр закрыты ўжо два з паловай гады — з пачатку 2022 года. Яго прызналі аварыйным. Працы на ім не вяліся. У кастрычніку 2022 года высветлілася, што на мост страцілі праектную дакументацыю. У сакавіку 2023 года гарадское ЖКГ пачала шукаць распрацоўніка для перадпраектнай дакументацыі. Чыноўнікі вагаліся, дастаткова будзе ўзмацніць канструкцыі ці давядзецца будаваць мост нанова.
Цяперашні мост — пяціпралётны пешаходны віядук на сталёвых апорах. Яго пабудавалі ў 1989 годзе. Даўжыня маста — 81,4 м, шырыня — 2,76 м, вышыня над ярам-18 м.