У Гродне ўжо некалькі месяцаў затрымліваюць і судзяць за падпіску на паблік “Новости Гродно | Grodno.news”. Суполка існуе з 2013 года, на яе падпісана 26 тыс. чалавек. У ёй публікуюцца навіны Гродна і рэгіёна, а таксама беларускай эміграцыі.

Па звестках Hrodna.life, затрыманых за падпіску на гэтую суполку ў Гродне за апошнія два месяцы – некалькі дзясяткаў чалавек. Іх прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці паводле артыкула 19.11 КаАП (распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі,
якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе такую ​​дзейнасць).

Асабліва актыўна заводзіць справы за падпіску на гэтую суполку сталі на пачатку траўня. Некаторыя з асуджаных абышліся штрафам і канфіскацыяй тэлефона, некаторыя трапілі ў ІЧУ на суткі. Таксама ў траўні працягвалі судзіць за падпіску на сацсеткі журналіста Руслана Кулевіча, якія таксама прызнаныя “экстрэмісцкімі”.

За апошнія 3,5 гады спіс “экстрэмізму” вырас амаль у 15 разоў

Спіс матэрыялаў, прызнаных у Беларусі “экстрэмісцкімі”, вядзецца з 2008 года. Да лета 2020 года ўнесеныя ў яго матэрыялы ў асноўным датычыліся выяваў свастыкі, прапаганды нацызму, расізму і варожасці на глебе рэлігіі. За 12 гадоў – на кастрычнік 2020 года – спіс склаў 72 старонкі.
За апошнія тры з паловай гады ён вырас да 1072 старонак і зараз у асноўным змяшчае матэрыялы, чаты і паблікі грамадска-палітычнай тэматыкі. Паблік “Новости Гродно | Grodno.news” быў прызнаны “экстрэмісцкім” матэрыялам па рашэнні суда Ленінскага раёна Гродна ад 23 студзеня 2023 года.

Чытайце таксама: Кнігу пра гісторыю Заходняй Беларусі прызналі «экстрэмісцкай». Яе аўтар — былы сілавік