Гарадскі выпускны ў Гродне ўпершыню пройдзе 14 чэрвеня. Месцам святкавання выбралі Савецкую плошчу.

Падчас свята на плошчы плануюць арганізаваць вялікі канцэрт з удзелам папулярных моладзевых выканаўцаў.

Глядзі поўную праграму гарадскога выпускнога.

Пра рашэнне правесці гарадскі выпускны ў Гродне расказаў старшыня пастаяннай камісіі Гродзенскага гарадскога Савета дэпутатаў па пытаннях сацыяльнай сферы, справах моладзі і ветэранаў Сяргей Мазайла.

Хто менавіта выступіць на канцэрце і што яшчэ будзе на свяце, пакуль не ўдакладняюць. “Тут захаваю пакуль інтрыгу, як з 9 траўня. Але дам падказку маладзёжным слэнгам, будзе варушняк і выпускнікі будуць багатымі. Нічога лішняга”, – напісаў дэпутат у сваім канале.

Чытайце таксама: Ад белых каўнерыкаў да гламурных шпілек. Як моднічалі гродзенскія выпускнікі ад 1950-х да нашых дзён

Лукашэнка забараніў “шык” на выпускных

У красавіку Лукашэнка заявіў, што ён супраць “сучасных выпускных” у школах, якія ператвараюцца ў “шоў на лімузінах і з наведваннем забаўляльных устаноў”.

“Нейкі там «круцяк»‎ табе дапамог ці ты багацейшы – ты лімузін замовіў, прыехаў твой сын у школу. А як іншыя глядзяць? А як бацькі глядзяць? Гэта няправільна. Я публічна кажу: нам нельга гэта культываваць, нельга нам гэта падтрымліваць. Гэта дрэнна”, – падкрэсліў Лукашэнка. Ён даручыў узяць пытанне правядзення выпускных на “жорсткі кантроль”.

Пасля гэтага намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай сказаў, што пытанні правядзення выпускных вечароў у рэстаранах і кавярнях – гэта справа кіраўніцтва школы і бацькоўскага камітэта, але толькі з узгаднення ўладаў. Таксама ён прапанаваў розныя варыянты “сціплай” імпрэзы – напрыклад, уладкаваць самадзейны школьны капуснік або закласці алею.

У 2024 годзе ў Беларусі апошні званок для выпускнікоў 9 і 11 класаў пройдзе 25 траўня. Выпускныя вечары рэкамендуюць правесці 14 чэрвеня.