Сярэдняя сям’я з Гродзенскай вобласці жыве на 1971 рубель у месяц. Найбольшую частку гэтых грошай яна выдаткоўвае на харчаванне. Колькі грошай гродзенцы адкладаюць і што за іх купляюць, паведаміла галоўнае статыстычнае ўпраўленне Гродзенскай вобласці да Дня сям'і. Дадзеныя ўзятыя з выбарачнага абследавання хатніх гаспадарак рэгіёна.
Як выдаткоўваюць грошы гродзенскія сем'і
Больш за 40% сваіх спажывецкіх выдаткаў сем'і з Гродзеншчыны выдаткоўваюць на харчаванне, прыкладна траціну — 34,4% - на нехарчовыя тавары. Яшчэ каля чвэрці - 23,2% - гродзенцы выдаткоўваюць на паслугі.
На што гродзенцы адкладаюць грошы
80% хатніх гаспадарак Гродзенскай вобласці мае хаця б нейкія зберажэнні. Большая частка гродзенцаў - 69% - адкладаюць грошы на непрадказальныя выдаткі ў будучыні. Больш за 39% сем’яў адкладаюць сродкі на рамонты і набыццё нерухомасці. Каля 33% сем’яў збіраюць грошы на буйныя пакупкі, а 29% - каб дапамагчы сваякам альбо знаёмым.
Таксама кожная пятая сям’я збірае грошы на лекаванне альбо аплату адукацыі, а кожная шостая — на адпачынак.
Чытайце таксама: У Гродзенскай вобласці - найхутчэйшы рост цэн на прадукты. Што стала есці даражэй?