У пачатку вялікіх выхадных у Беларусі чэргі на мяжы зноў выраслі – на гэты раз на выезд з краіны. Ужо звыклым стала ацэньваць іх не так у колькасці транспарту, колькі ў гадзінах ці нават сутках. Самая “павольная” мяжа – з Літвой.

Па афіцыйных дадзеных Дзяржпамежкамітэта на 10.00 9 траўня павялічыліся чэргі ў параўнанні з 8 траўня ва ўсіх пунктах пропуску, акрамя “Брэста”. Асабліва прыкметна – у пункце “Беняконі”.

Пункт пропускаЛегкавыя аўтамабіліФурыАўтобусы
На выезд у Літву
«Каменны Лог»1806300
«Беняконі»1804100
На выезд в Латвію
«Грыгароўшчына»1204300
На выезд у Польшчу
«Брэст»40075
«Казловічы»850

Да зоны чакання на 10.00 9 траўня чарга на выезд у “Брэсце” складала больш за 280 легкавых машын, у “Беняконях” – больш за 90, у “Каменным Логу” – больш за 15.

Нават пры перасячэнні мяжы з дзіцем да трох гадоў – у такім выпадку машыну павінны прапускаць без чаргі – мяжа займае і тры, і шэсць гадзін. Адна з удзельніц чата, прысвечанага мяжы, спрабуе купіць чаргу “бліжэй да шлагбаўма”. За 24 гадзіны праз мяжу ў “Беняконях” змаглі праехаць толькі 200 машын. Вадзіцель, які прыехаў у зону чакання ў “Беняконях” 8 траўня ў 6.30 раніцы, перасек мяжу за 17 гадзін. На літоўскім баку яго чакала “падрабязнае апытанне”.

Што з аўтобусамі?

У аўтобуса Мінск-Коўна (праз Вільню), які адправіўся ў 23.30, праходжанне мяжы ў “Каменным Логу” заняло 9 гадзін. З Беларусі ў Літву аўтобусы ўвечары 8 траўня стаялі ад чатырох да амаль шасці гадзін.

Каб хутчэй перасекчы мяжу ў бок Польшчы, пасажыры аўтобусаў мяняюць іх перад пунктам пропуску – перасаджваюцца ў тыя, што стаяць бліжэй да шлагбаўма і дзе ёсць месца. Такая змена транспарта будзе каштаваць ад 30 да 60 еўра. Больш выгадна сядаць у аўтобус на польскіх нумарах – іх прапускаюць па асобным канале. Бывалыя падарожнікі таксама раяць ехаць да Цярэспаля, а ўжо там купляць білет да Варшавы – так выходзіць хутчэй і танней.

“Калі без падсадкі то вельмі доўга… З пасадкай то проста доўга, – напісаў адзін з падарожнікаў пра сітуацыю на выезд з Беларусі ў Польшчу. – Падыходзіў да першых аўтобусаў на 100 метроўцы, больш за суткі ўжо стаяць, пасля шлагбаўма прыкладна 12 гадзін”.

Чэргі на ўезд – толькі ў Літве

На ўезд у Беларусь для легкавых аўто чарга ёсць толькі на выездзе з Літвы: у “Шальчынінкаі” (“Беняконі”) – каля 30 машын і ў “Мядзінінкаі” (“Каменны Лог”) – больш за 170, паведамляюць у адным з чатаў, прысвечаным перасячэнню межы Беларусі з Еўрасаюзам. У Брэсце абодва пункты пропуску на выезд з Польшчы ў аднаго з кіроўцаў на ​​легкавой машыне занялі 1 гадзіну 20 хвілін.

У кіроўцы, які прыехаў на пункт пропуску ў Мядзінінкаі яшчэ вечарам 7 траўня, праходжанне мяжы ў бок Беларусі заняло 25 гадзін. У іншага кіроўцы – 26. Увечары 8 траўня кіроўцы ацэньвалі чаргу ў 30-35 гадзін.

Чытайце таксама: Адзін з кіраўнікоў польскага парламента хоча адкрыць закрытую мяжу паміж Гроднам і Беластокам

У чарзе на ўезд – “транзітнікі”

Многія машыны, якія стаяць у чарзе на ўезд у Беларусь з Літвы, прызначаны для продажу, з транзітнымі нумарамі. “Лт-рб да шлагбаўма 30 машын, усе транзітныя, пару машын літоўскіх”, – напісала адна з удзельніц “памежнага” чата. Часам людзі, якія едуць у Беларусь, нават могуць іх аб’ехаць. “У іх сваё жыццё на мяжы. Яны чакаюць дакументы, стаяць маўчаць. Мы прайшлі спыталі і аб’ехалі машын 10”, – піша іншы ўдзельнік чата. Адзначаюць, што шмат машын стаіць нават без кіроўцы.