Будынак запраўкі «Газпрамнафты», а таксама матэль і кафэ ля самай беларуска-літоўскай мяжы прадаюць з аўкцыёну. Пачатковая цана аб’ектаў - 688,3 тыс. рублёў (амаль € 200 тыс.) і 618,8 тыс. рублёў (амаль € 180 тыс.). Будынкі належаць «Беларускаму марскому параходству», але зараз арыштаваныя. Абвестку размясцілі на сайце «БелЮрЗабеспячэння».
Усе пабудовы размяшчаюцца побач з мястэчкам Беняконі, недалёка ад пункта пропуску на беларуска-літоўскай мяжы.
Аб’ект раздзялілі на два лоты. Першы — запраўка і яшчэ шэсць пабудоваў: станцыя тэхнічнага абслугоўвання, cховішча для паліва, пажарны вадаём, насосная станцыя і прахадная. Другі - прыдарожны матэль з кафэ.
Аўкцыён па продажы аб’ектаў адбудзецца 23 траўня 2024 года. Ад пакупніка патрабуюць 10% задатку.
Чым займаецца «Беларускае марское параходства» ў краіне, дзе няма мора
«Беларускае марское параходства» існуе з 1994 года. Кампанія з 2009 года займаецца транспартнай лагістыкай. Яна арганізоўвала дастаўку экспартна-імпартных і транзітных грузаў з замежжа суднамі класу «рака-мора» [судны, якія ходзяць марскімі і рачным шляхамі - Hrodna.life]. Таксама кампанія займалася партовай інфраструктурай у Беларусі і кантэйнернымі перавозкамі, перавозкамі чыгуначным і водным транспартам.
У кампаніі канфіскавалі судна, а галоўны офіс выставілі на продаж
У 2020−2021 гадах «Беларускае марское параходства» працавала ва Украіне і Сербіі. Праз парты ў гэтых краінах кампанія перавозіла прадукцыю Беларускага металургічнага заводу ў краіны Еўропы. Пасля пачатку вайны Расіі супраць Украіны гэты маршрут закрылі, а ўкраінскі бок канфіскаваў беларускі цеплаход «Надежда» — адзінае беларускае судна, якое магло працаваць у адкрытым моры.
У лістападзе 2023 года Генеральная пракуратура знайшла парушэнні ў кампаніі. Яны кепска даглядалі свае судны і заключала нявыгадныя дамовы. У сакавіку 2024 года галоўны офіс кампаніі выставілі на аўкцыён. За памяшканне 612 кв.м. хацелі 1,8 млн рублёў.