Навіны

Затрыманні ў Лідзе, завочныя суды, абскарджанне штрафу. Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці

У Лідзе прайшлі масавыя затрыманні на дзяржпрадпрыемствах і прыватных фірмах. Трох гродзенцаў будуць судзіць завочна. Гродзенка прыйшла з павіннай, а пазней вырашыла абскардзіць штраф. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 29 красавіка па 5 траўня.

Суды за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў

Як мінімум пра 12 судовых пастановаў за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў стала вядома на мінулым тыдні. Суды прайшлі ў Гродне, Мастах, Бераставіцы, Іўі. Сярод іншых, судзілі жанчыну з інваліднасцю і бацьку пяцярых дзяцей.

У Гродне затрымалі музыканта

Беспрацоўнага Дзмітрыя Глушчанкі ў Гродне затрымалі за ўдзел у пратэстах пасля вяртання з Польшчы. Ён граў у адным з гродзенскіх кавер-бэндаў. Пры затрыманні яму выбілі дзверы.

Затрыманы гродзенец. Скрыншот Hrodna.life

У Лідзе прайшлі затрыманні

Затрыманні прайшлі на «Лакафарбе», Лідскім малочна-кансервавым камбінаце і некалькіх прыватных фірмах. Работнікаў змясцілі ў ІЧУ за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, паведамілі праўладныя Telegram-каналы.

Мастака Івана Вярбіцкага зноў будуць судзіць за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі»

8 траўня ў Барысаве Івана зноў будуць судзіць паводле ч. 2 арт. 411 КК. Справу будзе разглядаць суддзя Людміла Зінкевіч. Івану могуць дадаць яшчэ два гады зняволення, піша «Вясна».

Палітвязня асудзілі да 8 гадоў і 1 месяца калоніі. У верасні 2021 палітвязню ўзмацнілі пакаранне і этапавалі ў магілёўскую турму № 4. У 2022 годзе яго асудзілі па ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі). Справу разглядала суддзя Таццяна Касцюк. Вынік суда пакуль невядомы.

Іван Вярбіцкі. Фота: rh.by

Гродзенка абскардзіла штраф за атрыманне замежнай дапамогі

21 лютага на падставе ч.1 п. 2 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 08.11.2021 № 7 «Аб змяненні Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» гродзенку аштрафавалі на 30 базавых велічынь (1200 рублёў) у судзе Кастрычніцкага раёна Гродна. Таксама з яе спагналі кошт атрыманых прадуктаў - 3 941 рублёў 9 капеек, паведамляе Telegram-канал «Право имеют».

Апеляцыя прайшла 26 красавіка ў Гродзенскім абласным судзе. Гродзенка сцвярджала, што судовае разбіральніцтва праведзена няпоўна і аднабакова. Яна сцвярджала, што выкарыстала атрыманыя ад NeedHelpBY прадукты выкарыстала для сябе. Яна прасіла адмяніць пастанову і спыніць вытворчасць па справе.

Суд вырашыў пакінуць пастанову без змены, а яе скаргу — без задавальнення.

З матэрыялаў справы вядома, што гродзенка напісала яўку з павіннай. Прадуктовы кошык атрымлівала прыкладна раз на месяц. Выкарыстоўвала для сябе і для перадачы асуджанаму жонку. Усяго зрабіла 86 заказаў.

Дзвюх сясцёр з Гродна, якія збеглі ад «хіміі», будуць судзіць завочна

Сясцёр Надзею Сцепанцову і Жанну Захаркевіч з Гродна будуць судзіць завочна за садзейнічанне экстрэмісцкаму фармаванню (арт.361−4 КК). Спецвытворчасць пачалі 2 траўня 2024 года.

Раней гродзенак абвінавачвалі ў тым, што 6 верасня 2020 года яны прынялі актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт.342 КК) і ўсталі ў счэпку і прычынілі 11 супрацоўнікам фізічны боль і пабоі (арт. 364 КК). У 2021 годзе іх асудзілі на 3 і 3,5 года «хіміі». Гродзенкі збеглі ад прысуду ў Польшчу.

Сёстры Надзея Сцепанцова (злева) і Жанна Захаркевіч. 10 сакавіка асуджаныя на 3,5 і 3 гады «хіміі» па справе аб счэпцы

Гродзенца затрымалі за выказванні ў чат-рулетцы

Ён сказаў, што падтрымліваў грашыма «Полк Каліноўскага». На відэа затрымання мужчына зняпраўдзіў свае выказванні. Як сцвярджаюць сілавікі, яго змясцілі ў ІЧУ.

Затрыманы гродзенец. Скрыншот Hrodna.life.

Палітвязень Дзяніс Івашын не атрымаў пасылку з кнігамі

Бандэроль са слоўнікамі і мастацкай літаратурай вярнулася бацькам Дзяніса. У лісце жонцы ён напісаў, што ягоную заяву на прыняцце пасылкі адхілілі без тлумачэнняў. Ён збіраецца атрымаць патрэбныя кнігі ў бібліятэцы турмы Жодзіна.

«Раней я пісала пра тое, што мы даслалі Дзянісу Івашыну некалькі кніг у адной дазволенай на год кніжнай бандэролі. Там былі пару слоўнікаў і мастацкая літаратура. На цэлы год — гэта мізэрная колькасьць, таму Дзянісу даводзіцца карыстацца нутранай бібліятэкай і «Кніжным клюбам», — напісала яго жонка Вольга Івашына.

Дзяніс Івашын. Фота з архіва Вольгі Івашынай

«Ходзяць чуткі, што яе завербавалі». Што гродзенцы напісалі ў 600 зваротах у КДБ

Каля 600 зваротаў, адпраўленых гродзенцамі або звязаных з Гродна, ёсць у базе зваротаў у КДБ. Людзі прапаноўвалі супрацоўніцтва, прасілі дапамагчы з архівамі і паведамлялі пра тэракты і бел-чырвона-белую сімволіку. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла базу, якую выклалі ў сетку «Кіберпартызаны», і вылучыла самыя папулярныя запыты ў гэты орган.

КДБ у Гродне дапытваў былых студэнтаў замежных ВНУ

Гродзенец летам 2020 года паскардзіўся на выклікі мясцовага КДБ з роспытамі аб яго вучобе за мяжой. Пра гэта стала вядома з базы КДБ, якую ў сетку выклалі «Кіберпартызаны». Верагодна, былы студэнт з Гродна адправіў зварот да старшыні КДБ, тады — генерал-лейтэнанта Валерыя Вакульчыка.

Школьнікі з Гродна наведалі ізалятар і стрым з вязнем гродзенскай турмы

Гродзенскіх школьнікаў прывялі ў ізалятар часовага ўтрымання. У Кастрычніцкі РАУС прыйшлі навучэнцы прававых класаў школы № 13 Гродна. Для іх правялі сход, на якім распавялі пра паступленне ў вышэйшыя навучальныя ўстановы сістэмы МУС, арганізавалі выставу зброі і спецыяльных сродкаў і экскурсію па падраздзяленням РАУСа. Для школьнікаў гродзенскай гімназіі № 10 арганізавалі стрым з вязнем гродзенскай турмы. Ён адбывае там пяцігадовае пакаранне з-за абароту наркотыкаў.

Экскурсія школьнікаў у ІЧУ. Крыніца: grodno.mvd.gov.by

Супраць гродзенскага актывіста пачалі спецвытворчасць

Гродзенец Ежы Грыгенча патрапіў пад спецвытворчасць. Працэс супраць мужчыны пачалі 2 траўня 2024 года. Ежы Грыгенчу абвінавачваюць паводле арт. 361−4 ч. 1 (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і арт. 368 ч.1 (Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь) Крымінальнага кодэкса Беларусі. Сам Грыгенча эміграваў з Беларусі і жыве ў Польшчы.

Ежы Грыгенча. Крыніца: Facebook / Ежик Григенча

Кіберпартызаны атакавалі «Гродна Азот». Яны выдаляюць дадзеныя, пакуль не вызваляць палітвязняў

На «Гродна Азот» 2 траўня 2024 года адбылася атака кіберпартызанаў. З сістэмы выдалілі дадзеныя сотняў супрацоўнікаў, дакументаабарот, дамен-кантралёры і іншыя серверы, паведамілі ў Telegram-канале «Киберпартизаны BY». Усе закладкі і вірусы абяцаюць нейтралізаваць і выдаліць, як толькі вызваляць палітвязняў.

Апошнія запісы

У Новым замку ў Гродне будзе рамонт: падлога руйнуецца, а на сценах расколіны і грыбок

У Гродне запланавалі бягучы рамонт авальнай залы ў Новым замку. Работы завершаць да канца снежня.…

9 лістапада 2024

У Гродне збіраюцца будаваць новыя інтэрнаты — не хапае кожнаму пятаму іншагародняму студэнту ГрДУ

У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце ім. Янкі Купалы месцы ёсць для 82,1% тых, каму яны патрэбны,…

8 лістапада 2024

Турыстка прыехала паглядзець на вядомую фотазону Гродна і расчаравалася

Турыстка прыехала ў Гродна і хацела сфатаграфавацца на фоне вядомай гродзенскай фотазоны - гродзенскага ўніверсітэта,…

8 лістапада 2024

У Гродне збіраюць подпісы за кандыдатаў на выбары прэзідэнта. Дзе і што забаронена?

Гродзенскі гарадскі выканаўчы камітэт вызначыў месцы, дзе ў Гродне забаронена збіраць подпісы выбаршчыкаў за вылучэнне…

8 лістапада 2024

Карціну з Гродна, напісаную 111 гадоў таму, прадавалі на аўкцыёне за € 3,5 тыс.

Карціну з выявай помніка Антонію Тызенгаўзу ў гродзенскім Фарным касцёле выставілі на польскі аукцыён Onebid.…

8 лістапада 2024

У цэнтры Гродна адкрываецца ўзбекская чайхана

На Карла Маркса, 10 з'явілася чайхана "Халяль" - з мантамі, пловам і лавашам з тандыра.…

7 лістапада 2024