Навіны

Памятаеце вінны бар «Чырвоным па белым»? Ягоная ўладальніца адкрыла італьянскую кавярню ў Скідалі - і вось як ідуць справы

Мінчанка Вера Таратухіна тры гады кіравала папулярным у Гродне вінным барам «Чырвоным па белым» (пазней ён змяніў назву на «Кей Бі»). Зараз у яе новая ўстанова ў нечаканым месцы — італьянскае кафэ ў… Скідзелі! Як развіваць сучаснае грамадскае харчаванне ў горадзе-спадарожніку Гродна, дзе жыве менш за 10 тыс. чалавек, Вера расказала Onliner.by.

«Чэргі на ўваходзе стаялі нават у люты мароз, а турысты з Мінска браніравалі сталы за месяц», — успамінае Вера поспех сваёй гродзенскай установы. Бару «Кей Бі» прыйшлося закрыцца па шэрагу прычын. Сярод іх — безупынныя скаргі суседзяў на шум. «Магу адразу сказаць, што гэта [закрыццё] не праз стратнасць», — расказвала Вера ў сацсетках восенню 2023 года, калі бар закрываўся.

Займацца новай установай спачатку не было ні сіл, ні жадання. «Яны з’явіліся не так даўно, калі знаёмая прапанавала забраць памяшканне ў Скідзелі і адкрыць там невялікую кавярню. Маўляў, у горадзе шмат вытворчасцяў, а абедаць людзям няма дзе. Я вырашыла рызыкнуць і зрабіць паўнавартасную ўстанову з італьянскай кухняй», — кажа Вера.

Інтэр'ер — хатні і ўтульны, як у «італьянскай бабулі»

Першае ў Скідзелі італьянскае кафэ адкрылася ў сакавіку 2024 года. Яго назвалі NONNA — у перакладзе з італьянскага «бабуля».

Установа працуе ў асобным будынку на вуліцы Леніна, 2, недалёка ад Скідзельскага парка. Цікава, што год таму там працавала іншая ўстанова ў італьянскім стылі - піцэрыя «Венецыя».

Ад папярэдняй «італьянскай» установы засталася частка інтэр'ераў. Захаваць вырашылі падлогі, бэлькі на столі, адкрыты цагляны мур на фрагментах сцен. Астатні дызайн распрацавала мінская студыя дызайну Кацярыны Хоцім.

«Асноўнай задачай было зрабіць максімальна хатняе і ўтульнае кафэ, у якім пачуваешся, нібы ў гасцях у бабулі (праўда, італьянскай). Менавіта таму ў памяшканні з’явілася зона з мукой і пастай, адкуль можна ўзяць інгрэдыенты для гатавання страў, буфет са старым посудам, вялікі абедзенны стол, які нагадвае пра сямейныя вячоркі, і зона для чаявання», — распавядае Кацярына.

За атмасферу Італіі ў кафэ NONNA адказваюць драўляныя панэлі на сценах, абрусы ў клетку, карціны, аканіцы на вокнах і мноства іншых дэталяў. Сярод іх ёсць і антыкварныя прадметы.

Меню і кошты: шэсць відаў пасты, але ёсць і катлета з грэчкай

Памяшканне кафэ NONNA займае 100 кв. У ім 47 пасадачных месцаў. З надыходам цёплага надвор’я ў кафэ NONNA з’явіўся і паўнавартасны задні дворык — зараз можна перакусіць на свежым паветры.

Меню невялікае і падкрэслена італьянскае. З закусак — аранчыні за 12 рублёў, запечаны мацарэлла сэндвіч з песта за 13 рублёў, смажаныя крэветкі за 19 рублёў і іншыя варыянты ў дыяпазоне 12—19 рублёў. Ёсць два віды брускет з вяленымі таматамі ці крэветкамі за 12 і 17 рублёў адпаведна.

Супы — класічны італьянскі мінестроне за 9 рублёў і з каўбаскамі і фарфале за 12 рублёў. Больш за ўсё ва ўстанове відаў пасты — ажно шэсць (па цане 16−21 рубель). Італьянскія дэсерты ў кафэ прапануюць за 6 і 10 рублёў.

Акрамя асноўнага меню, па буднях ёсць абедзеннае меню па больш даступных коштах. У ім можна знайсці «зразумелыя» стравы: суп (напрыклад, капуста або расольнік) за 3,7 рубля, салаты за 3,7−4 рубля і гарачае (напрыклад, свіная катлета з грэчкай і гароднінай, спагецці з курыцай у сметанковым соусе або кардон блю з пюрэ) за 6,5−8 рублёў.

Мінскі брэнд-кухар і скідзельскія праблемы

Знайсьці работнікаў для кавярняў было няпроста. Хаця гаспадыня прапаноўвала сярод умоў працы трансфер з Гродна і назад. Нават адносна высокі заробак не здолеў прыцягнуць у Скідзель класных кухараў — усе даўно разабраныя топавымі гродзенскімі ўстановамі.

Меню распрацаваў менскі брэнд-шэф Аляксей Радзько.

«Але калі ён з’ехаў, падтрымліваць стабільнасць каманды аказалася не так проста. Хтосьці павольна гатаваў, хтосьці ігнараваў інструкцыі, думаючы, што ведае, як лепш. А ў кагосьці проста атрымлівалася нясмачна. Магчыма, таму па Скідзелі пайшла гаворка, што ў нас не так ужо і класна. Але паверце: мы ўжо адладзілі амаль усе працэсы!» — сцвярджае Вера Таратухіна.

«Пакуль што выручкі ў нас слабыя: у выхадны можам зарабіць 100—300 рублёў. Мясцовыя пакуль не надта разумеюць нашу канцэпцыю. Часта чую водгук: „Макароны мы можам і дома паесці“. Каб выжыць, давядзецца дадаць у меню больш „народныя“ пазіцыі — мяса, бургеры…» — расказвае Вера.

Яна спадзяецца, што ў яе ўстанову ў Скідзелі ўсё ж пачнуць прыязджаць госці з Гродна. А потым, можа, і з іншых гарадоў.

«Шанцы 50 на 50: або NONNA здабудзе велізарную папулярнасць, бо нічога падобнага тут няма і ці наўрад ці хуткім часам з’явіцца, або праваліцца, бо людзі яшчэ не гатовыя да такога фармату», — кажа дзяўчына.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Гродзенскага актывіста Ежы Грыгенчу завочна асудзілі на 6 гадоў калоніі

Гродзенскі абласны суд прызнаў Ежы Грыгенчу вінаватым паводле чатырох крымінальных артыкулаў. Яму прызначылі шэсць гадоў…

21 лістапада 2024

Блогер з Гродна Аляксей Саўко з’явіўся ў майцы «Команда Путина»

Блогер з Гродна Аляксей Саўко з ростам у 136 см апублікаваў фота ў футболцы “Команда…

21 лістапада 2024

У Гродне з’явіўся першы 3D-экран — яго размясцілі на фасадзе Triniti

Экран вышынёй 7 метраў з’явіўся на фасадзе гандлёва-забаўляльнага цэнтра Triniti на праспекце Янкі Купалы. Гэта…

21 лістапада 2024

Белстат: Турыстаў у Гродзенскай вобласці стала менш у 20 разоў. Тлумачым, чаму насамрэч сітуацыя значна лепш

Гродзенская вобласць страціла лідарскую пазіцыю па колькасці арганізаваных турыстаў. Цяпер сярод найбольш папулярных напрамкаў —…

21 лістапада 2024

КДБ увёў у Гродне рэжым контртэрарыстычнай аперацыі

Аперацыя праводзіцца на тэрыторыі Гродна і Гродзенскага раёна ў рамках камандна-штабных вучэнняў сілавікоў. На час…

21 лістапада 2024

«Ледзь галаву не адрэзала». Байкеры ў лесе Гродна знайшлі пастку з дроту — у справу ўмяшалася міліцыя

Байкеры выявілі ў Пышках дрот, нацягнуты на ўзроўні шыі. Відэа яны размясцілі ў TikTok. "Вось…

20 лістапада 2024