Будынак былой сінагогі ў Слоніме выкупіў дырэктар расійскага акцыянернага таварыства «Агенцтва Развіцця Перспектыўных Тэхналогій» (АРПТ). З ім правялі арганізацыйную сустрэчу, паведаміў «Слонімскі веснік».
Дырэктар АРПТ — Дзяніс Дудараў, які ў лютым 2024 года за 42 рублі выкупіў будынак былой слонімскай сінагогі.
Паводле яго слоў, у яго «самыя сур’ёзныя» намеры па аднаўленні будынка. Але колькі будуць працягвацца працы, мужчына сказаць не можа. Для гэтага патрэбна дэталёвае абследаванне пабудовы.
«Трэба вельмі многае высветліць: канструкцыйныя асаблівасці, стан асновы, наяўнасць нейкіх страчаных элементаў, якія трэба будзе аднаўляць на падставе гістрарычных даведак», — сказаў Дудараў.
Чым займаецца кампанія АРПТ?
АРПТ існуе з 2013 года і займаецца будаўніцтвам жылых і нежылых будынкаў. За 2023 год прыбытак кампаніі склаў амаль € 10 млн. У 2022 і 2021 годзе гэтая сума была меншая — € 3,6 млн і € 5,8 млн адпаведна. Адначасова сума падатковай запазычанасці кампаніі складае амаль € 1 млн.
Чытайце таксама: Ацаніць інтэр'ер слонімскай сінагогі ў XVII стагоддзі праз VR-шлем. У Беларусі стварылі першую віртуальную рэканструкцыю будынка
Папярэдняя пакупніца не пацягнула рамонт
У 2018 годзе выкупіць слонімскую сінагогу планаваў брытанскі Фонд яўрэйскай спадчыны. Прадстаўнікі арганізацыі ўнеслі сінагогу ў Слоніме ў спіс самых значных аб’ектаў яўрэйскай сусветнай спадчыны, якім патрэбна дапамога.
Першы раз улады выставілі сінагогу на аўкцыён у пачатку лета 2020 года. Помнік архітэктуры 1642 года пабудовы першапачаткова ацанілі ў 137 тыс. рублёў ($ 50 тыс. па тагачасным курсе). З траўня па снежань аб аўкцыёнах аб’яўлялася тройчы, але пакупнікоў усё не было. У выніку да апошніх таргоў сінагога патаннела да 27 тыс. рублёў.
У канцы 2020 года слонімскую сінагогу купіла дзіцячая пісьменніца Іаана Рыўз (Ілона Караваева) за 30 тыс. рублёў. Для гэтага яна прадала кватэру ў Мінску. Для пошуку сродкаў яна стварыла фонд «Ратуючы спадчыну». На рэканструкцыю спатрэбілася 164 тыс. рублёў - такіх грошай жанчына сабраць не змагла. У чэрвені 2022 года Караваева ліквідавала фонд. Аднаўленню сінагогі перашкодзілі санкцыі і вайна ва Украіне. Інвестараў або дзяржаўных праграм для падтрымкі праекта таксама не знайшлося. Слонімскі райвыканкам забраў сінагогу назад.
Летась будынак сінагогі спрабавалі прадаць два разы — у траўні за 129 тыс. рублёў (€ 40 тыс.) і ў кастрычніку за 64,5 тыс. рублёў (€ 20 тыс.). Але тады будынкам ніхто не зацікавіўся.