Гродзенскіх школьнікаў прывялі ў ізалятар часовага ўтрымання. Гэта адбылося ў межах экскурсіі, паведаміла прэс-служба Упраўлення ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама. 

Школьнікі з Гродна наведалі ізалятар і стрым з вязнем гродзенскай турмы
Экскурсія школьнікаў у ІЧУ. Крыніца: grodno.mvd.gov.by

У Кастрычніцкі РАУС прыйшлі навучэнцы прававых класаў школы №13 Гродна. Для іх правялі сход, на якім распавялі пра паступленне ў вышэйшыя навучальныя ўстановы сістэмы МУС, арганізавалі выставу зброі і спецыяльных сродкаў і экскурсію па падраздзяленням РАУСа. 

Таксама дзяцей завялі ў ізалятар і паказалі, як там утрымоўваюць правапарушальнікаў. Акрамя гэтага, школьнікі стралялі ў інтэрактыўным тыры з пісталета Макарава. 

Школьнікі з Гродна наведалі ізалятар і стрым з вязнем гродзенскай турмы
Экскурсія школьнікаў у ІЧУ. Крыніца: grodno.mvd.gov.by

Навучэнцы гімназіі №10 размаўлялі з вязнем гродзенскай турмы

Для школьнікаў гродзенскай гімназіі №10 арганізавалі стрым з вязнем гродзенскай турмы. Ён адбывае там пяцігадовае пакаранне з-за абароту наркотыкаў. 

“Я ўпэўнены ў тым, што, праводзячы такія стрымы, мы сёння дасягнём вялікага эфекту ў прафілактыцы ў сферы незаконнага абароту наркотыкаў”, — лічыць кіраўнік інспекцыі па справах непаўнагадовых УУС Адміністрацыі Ленінскага раёна Гродна Алег Андала.