У цэнтры Гродна дабудоўваюць офіс IT-кампаніі «Афранс». Ён будзе складацца з двух будынкаў на вуліцы Маставой, 40А і 40Б. Атрымаецца невялікі айцішны квартал побач з «Прыёрбанкам», будынкам БІП і піўзаводам, які зараз на рэканструкцыі.
Раней на гэтым месцы размяшчаліся будынкі, якія не з’яўляліся аб’ектамі гісторыка-культурнай спадчыны — таму іх знеслі.
«Быў прыняты прынцып фармавання сучасных аб’ектаў, якія падпарадкоўваюцца гістарычнаму асяродку, які атрымаў шырокае выкарыстанне ў гістарычных частках еўрапейскіх гарадоў. Аб’екты, якія праектуюцца, дапаўняюць агульныя візуальныя перспектывы на гістарычныя будынкі», — пісалі яшчэ восенню 2020 года на сайце праектнага бюро «Інтэлсток Інжынірынг», якое распрацоўвала праект будынкаў.
Побач з офісным цэнтрам будуць велапаркоўкі — такое было патрабаванне заказчыка праекта. Тэрыторыю побач азеляняць.
Што за кампанія, для якой пабудавалі будынак
IT-кампанія «Афранс» існуе з 2018 года і займаецца распрацоўкай праграмнага забеспячэння на экспарт. Асноўныя партнёры кампаніі - краіны Паўночнай Амерыкі. Фірма — рэзідэнт Парка высокіх тэхналогій. У профілі кампаніі на LinkedIn пазначаны яе памер — 51−200 супрацоўнікаў.
Што на гэтым месцы размяшчалася раней
Раней тут размяшчалася грамадская лазня. У 2018 годзе будынак прызналі аварыйным і знеслі. Зямельны ўчастак выставілі на аўкцыён. У снежні 2018 года яго выкупілі за 67 тысяч рублёў.
Па ўмовах аўкцыёну ўладальнік павінен пабудаваць адміністрацыйна-гаспадарчы аб’ект вышынёй не больш за два паверхі з мансардай.