У Гродне пачаўся рост цэн за арэнду кватэры на майскія святы. Гэта звязваюць з плынню турыстаў, якія едуць з Расіі на выхадныя, заўважыла «Наша Ніва».
На канец траўня на сайце kufar.by можна знайсці больш за 230 прапаноў арэнды кватэр. На 9 траўня вольных засталося два дзясяткі нерухомасці.
Паводле слоў чалавека, які займаецца здачай кватэр у Гродне, наплыў турыстаў з Расіі адчуваецца з мінулых выхадных [20 — 21 красавіка — Hrodna.life], таму цэны на пасуткавую арэнду жытла ўжо пайшлі ўгору.
У такі сезон цэны на арэнду кватэр растуць штогод, але на майскія святы арэндадаўцы могуць максімальна «задраць» цэны.
Колькі каштуюць кватэры
Кватэру на дзве ночы з 8 па 10 траўня ў Гродне можна арандаваць ад 380 рублёў (каля $ 120). Двухпакаёвую кватэру са сціплым рамонтам у самым цэнтры Гродна здаюць за 500 рублёў (каля $ 150) за дзве ночы. Цана ў звычайныя выхадныя за такую кватэру — 300 рублёў (каля $ 90).
Чытайце таксама: Інвестыцыя акупіцца за пяць гадоў: як гродзенцы зарабляюць на турыстах па $ 1000 у месяц
Здаюць мінімум на некалькі начэй
Некаторыя арэндадаўцы здаюць жытло мінімум на 3 — 5 начэй. Напрыклад, кватэру з добрым рамонтам недалёка ад цэнтру можна арэндаваць за 1000 рублёў (каля $ 300). У звычайныя дні такую кватэру здаюць за 520 рублёў (каля $ 160) на пяць начэй.